Ева ў пошуках Адама (зборнік). Коллектив авторов
ж я толькі вінаватая?.. Xоць пра якую віну можна тут казаць…
Дасць бог, будзе яшчэ і сын, – выціснула яна з болем.
– Чорта лысага! – ускіпеў Ягор. – Будзе, ды не ад цябе! Толькі свісну – роем наляцяць не горшыя за цябе!..
Ішоў час. Ягор, як у маладосці, пасвістваў па вёсках. Бывала, зусім не начаваў дома, а калі заяўляўся – нецвярозы і чужы…
Вось Дарка, перагаварыўшы са сваімі бацькамі, і вярталася да дзяцей, за якімі прыглядвала свякруха. Вярталася апошні раз, каб выказаць падзяку старым Матрончыкам і, сабраўшы клункі, адбыць з дачушкамі дамоў – цяпер ужо ў родны дом.
Ды, відаць, сам Бог наслаў у той трагічны дзень навальніцу, загнаў Дарку пад дуб, каб праз яе пакуты і выпрабаванні выклікаць спачуванне ў сэрцы Ягоравым ды зберагчы сям’ю і захаваць дзецям бацьку. Але і Бог на гэты раз не памог, бо сцены Матрончыкавай хаты замест спачування пачулі:
– Мала таго што непаўнацэнная як жанчына, дык яшчэ і глухая!
Не пачула гэта толькі Дарка, хоць усё адчула сэрцам і ўсё зразумела…
Большасць часу Дарка сядзела дома ў сваіх бацькоў. Саромелася сябе, баялася людзей і той глухой сцяны, якая аддзяліла яе ад астатніх.
Вяскоўцы наведваліся штодзень, прыходзілі быццам да бацькоў з нейкімі справамі, але Дарка разумела: людзі ідуць падтрымаць яе. Людская дабрыня і спагада не памяншалі болю, наадварот, у такім становішчы Дарка вастрэй адчувала сваё калецтва і адзіноту.
Але што гэты боль у параўнанні з пакутамі – бачыць, ды не чуць сваіх дзяцей, якія бегалі і шчабяталі вакол? Дарка прыкладала ўсе намаганні, каб перад дзецьмі выглядаць паўнацэннай і вясёлай, гаварыла з імі, хоць і неўпапад.
Аднаго разу Дарка ледзь не самлела: убачыла праз акно, як да іх у хату ідзе Алесь. Хлапец адслужыў у арміі і добра ведаў пра Дарчыны пакуты. Ён халасцякаваў, ды і часу пасля вяселля «яго сонейка» мінула не шмат – нейкія тры гады.
Дарка, каб магла пачуць свой голас, спужалася б яго, як жахнулася маці, пачуўшы крык дачкі:
– Мамачка, не! Не пускай яго! Толькі не пускай! Дарчына маці выйшла на ганак:
– Здароў, Алеська!
– Вітаю вас, цётка Кацярына! – неяк вінавата сказаў хлапец і спытаўся: – А ці можна да Даркі?
Кацярына ад крыўды на тое, што завецца горкім лёсам, балюча прыкусіла губу:
– Не, Алесік, яна спіць… Ды і што яна табе?..
Алесь таксама да болю прыкусіў губу:
– Што яна мне?.. Эх, цётачка… – крутнуўся і пайшоў.
Дарка доўга і няўцешна плакала пасля нечаканага візіту.
– Няхай бы зайшоў,– прымірэнча сказала маці і ведала, што па губах дачка зразумее, пра што гаворка.
– Эх, мама, – прастагнала Дарка, – не ўбачыла я свайго шчасця тады, што ўжо цяпер…
Маці і дачка думалі, што Алесь, атрымаўшы ад варот паварот, болей не прыйдзе, але памыліліся. Назаўтра ён зноў крочыў да Дарчынай хаты.
Дарка зноў узмалілася, але ўжо не крыкам, а шэптам:
– Мамачка, пашкадуй мяне, не пускай!..
Кацярына зноў выйшла на ганак і, замест вітання, запрасіла:
– Заходзь,