Калі цвіла чаромха (зборнік). Коллектив авторов
жывецца табе, родненькая, з двума малымі дзеткамі? Прымак болей цябе не турбуе? Не просіцца зноўку ў хату? Вось Ніна Прыцэпава неяк казала, што бачыла яго ў райцэнтры. Дык зноў там у заробках. Нават і не запытаўся пра цябе, дачушку… Можа, знайшоў сабе чарговую каханку? Пэўна, супакоіўся. Галоўнае, каб аліменты рэгулярна дасылаў! Астатняе цябе і не павінна, мілая галубка, турбаваць. Нядобры гэта чалавек. Валацуга, адным словам. Таму не варты ўспамінка і цёплага слоўка!
– Якія там аліменты, цётачка! Як кажуць: кот наплакаў… Хітры ён вельмі. Чула і такое, што на асноўнай працы бярэ рэгулярна водпуск за свой кошт альбо адгулы. Асноўныя грошы зарабляе дзесьці ў Маскве, на будоўлі. Няхай збірае грошы, я не супраць. Але ж і пра свае бацькоўскія абавязкі не забывае!
Цётка цяжка ўздыхнула, шчыра канстатавала:
– Ніколі б і не падумала, што Антось – ілгун ды бабнік! Што праўда, то не грэх так казаць пра чалавека. А як увіваўся каля цябе! На ўласныя вочы бачыла, што амаль на каленях пры людзях поўзаў, прасіў выйсці за яго замуж. Прыліп, бы смала. І вось як усё атрымалася! Чым толькі прывабіла яго тады гэтая пампушка Фэля?
– Быль – як смала, а небыліца, як вадзіца! – вынесла сваё дэталёвае рэзюмэ Марыйка. – Што было, тое, цётачка, з вадой сплыло. Няхай жыве так, як душа вольная жадае! Мяне цяпер ужо не турбуе, дзе ён брындае, каля якой спадніцы бегае… Верагодна, і Фэлька гэтая не першая ў яго. І не апошняя. Некаторыя кабеты даверліва кінуліся ў моцныя мужчынскія абдымкі, а потым – шкадавалі… Паверыш, цётачка: такое адчуванне, быццам і не жыў гэты чалавек у маёй хаце. Вось толькі маленькая белагаловая дачушка напамінае аб няўдалым шлюбе…
– Што ні робіцца – усё да лепшага! Не перажывай, не сумуй, – разважліва зазначыла Агата. – Вырастуць дзеткі, будзе табе лягчэй тэпаць па дарозе жыцця. Можа, яшчэ і сустрэнеш прыстойнага чалавека. Вунь якая ты ў нас! Маладая, прыгожанькая. Не раўня той каратканожцы Фэльцы! А ў вёсцы, дзеванька, гаспадар патрэбен. Ой, як яшчэ патрэбен. Па сабе добра ведаю. З коптарам паспытала адзінокага хлеба. Трэба ж і сена касіць, і агарод узараць…
– Вы мяне зусім захвалілі, цётачка! – весела засмяялася, быццам дзяўчо, пачырванела Марыйка. – Звычайная я. Як і ўсе. Дзякуй богу, рукі мае яшчэ здатныя да любой працы, самастойна спраўлюся. А калі не змагу нешта зрабіць – паклічу брата Адася. Вось ён мне і дапаможа выканаць гэтыя справы па гаспадарцы. Усё-такі радня, не чужы.
– Не, не такая, як некаторыя. Вабная, спагадлівая, працавітая, – запярэчыла пажылая жанчына і лагодна, з пяшчотай зірнула на суседку. – Не верыш? Зірні тады ў люстэрка!
На гэтым размова закончылася. Падзякаваўшы цётачцы за пачастункі, маладзічка, апрануўшы стрэнькую куртку, хуценька шмыгнула за дзверы…
4
Рыхтуючы сняданак для дзяцей, якія яшчэ салодка спалі, Марыйка ўсё вярталася да гэтай далікатнай размовы. І сапраўды: чаму Антось стаў такім? Раней быў уважлівым, пяшчотным, клапатлівым. Здаецца ж, шчыра кляўся ў каханні, нават перад вясковым