Калі цвіла чаромха (зборнік). Коллектив авторов
тавар з пякучымі градусамі ў адпаведных кропках. Робіць на хлебазаводзе звычайнай прыбіральшчыцай. На першы погляд, і не надта кідкая на аблічча, але мае добра падвешаны язык. Ды й інтэлект, як бачна, у гэтай маладзіцы знаходзіцца на адпаведнай вышыні!
Добра памятае, як Люсьена падкінула сваячцы цікавую ідэю, якую потым паспяхова выканаў яе аднакласнік. Вінцэсь Шырковіч працаваў у міліцыі, быў участковым інспектарам. І менавіта ў тым раённым цэнтры, дзе прыжыўся Антось. Што было далей? Не будзем спяшацца з прагнозамі. Мы толькі адным вокам зазірнем вось у гэты пакой, дзе імкліва ўзяла старт цікавая гісторыя…
5
Літаральна на другі дзень адбылося вось што. Нечакана да Аксінні зазірнуў міліцыянер, капітан міліцыі. Ветліва павітаўся, ды строга так ківае ў бок спалоханага кватаранта:
– А гэта хто зараз у вас тут жыве? Пакажыце, калі ласка, дакументы. Можа, кватэру надумаліся здаваць пад жыллё, Аксіння Міхееўна Маставей? Дык самі ж, мусіць, добра ведаеце нашыя законы і пастановы. Трэба заплаціць дзяржаве адпаведны падатак. Толькі тады можна рэалізаваць усе свае задумкі і планы на гэты конт. Ці ж не так, шаноўная Міхееўна?
Міхееўна прамаўчала. Быццам бы і кіўнула галавой у знак згоды. Ды толькі вылупіла вочы. І дугой выпяла высокія грудзі, ваяўніча скрыжавала поўныя рукі на гэтым даволі ўнушальным узгорку…
А капітан, зірнуўшы ў пашпарт, сурова звёў густыя бровы коскай, з каменепадобным выглядам працягваў:
– У вас жа вось тут і жонка значыцца. Марыя Іванаўна Ліркова. І маленькая дачка Аліна, якой хутка будзе ўжо восем месяцаў. Яны таксама тут жывуць? Не, не жывуць? Мусіць, ужо забыліся пра іх? Ай-яй! Як гэта здарылася, што татка – жывы і здаровы, а адцураўся сваёй сям’і. І, здаецца ж, матэрыяльна ўжо не дапамагае! Як кажуць у такіх выпадках: сабакам сена косіць! Па ўсяму бачна, нават і ў вус не дзьме. І забыўся на тое, што ёсць сапраўдная сям’я, дзе яго чакаюць. Мабыць, нават непакояцца. Ці не так? Што вы тут робіце, грамадзянін Ліркоў Антон Фёдаравіч? Скажыце: што забылі ў гэтай самагоншчыцы? Так, зараз жа збірайце свае рэчы. У мяне да вас ёсць яшчэ больш важнае пытанне. Пазней працягнем бяседу, калі пройдзем у адпаведны аддзел…
Пачуўшы такое, раз’юшаная кабета амаль заверашчала, бы свінка, якая зашчамілася ў плоце. Яна, каб змагла, кінулася з кулакамі на гэтага ўпэўненага чалавека ў пагонах, ды й нібы галодная ваўчыха, разарвала на часткі. Альбо з’ела б жыўцом! Ды, як на той грэх, не займела ад прыроды моцных зубоў! У гэты момант зласлівая Аксіння адчувала пагрозу. І яшчэ якую! Бо ў чарговы раз «сямейны» карабель нечакана сеў на мель…
– Грамадзянка Аксіння Міхееўна Маставей! Прашу: супакойцеся. Беражыце свае нервы. Яны вам яшчэ спатрэбяцца. Бо вашая справа пахне ўжо саляркай… І зачыніце свой рот на замок, – строга папярэдзіў сярдзіты капітан. – Калі ласка, не верашчыце. Ужо ад віску ў вушах звініць. Вось якая тут справа. У мяне на руках даведка, якая дазваляе зрабіць яшчэ і дэталёвы вобыск у вашай хаце. Да нас, у аддзел міліцыі,