Трынаццаць дзён (зборнік). Анатоль Кудласевіч
так затлумілі галаву таксісту, што той спыніўся пасярод горада, разгублены, не ведаючы, куды далей ехаць і дзе ён увогуле знаходзіцца. Мне прыйшла думка: «Калі сабраць трынаццаць аднадумцаў, аб’яднаць іх Святой ідэяй – можна перавярнуць свет, калі трынаццаць душ зліваюцца ў адну – прыходзіць тайна. Апосталаў з Хрыстом было менавіта столькі. Нас толькі трое, і то – якімі вачамі глядзіць на нас шафёр, як на нейкі цуд». Мне здалося, што ў яго душы распачалася вялікая работа.
Жонка сустрэла ветліва. Непаразумення і разводаў як і не было. Я пачуваў сябе шчаслівым: іграў на гітары; Грышановіч голасна чытаў свае доўгія вершы; шафёр быў збіты з панталыку незвычайнай кампаніяй; а Сыс, як заўсёды, сядзеў у сваім сховішчы, цікаваў за тым, што адбываецца, і час ад часу кідаў нейкія фразы. Здаецца, яму таксама было добра, ён радаваўся, напэўна, што зрабіў нас шчаслівымі. Праз гадзіну яны паехалі, і мы засталіся з жонкай.
Як добра, што я прымірыўся з Верай. Ціхая, спакойная радасць ахінула мяне сваёй пяшчотай. Лагодна і ўтульна. Я прыгрэўся і прытуліўся да сваёй жонкі: усім сэрцам верыў – усё будзе добра.
Я быў паміж сном і рэальнасцю ў дрымотным стане. Велічныя і высокія думкі. Упэўненасць у заўтрашнім дні. Супярэчлівы заціснуты вузел паволі пачынаў разблытвацца, так мне падалося. Чаму такі спакой і упэўненасць? Нешта стаіць за мною, моцнае і магутнае, вялікая сіла, што не дасць аступіцца і сарвацца ў прадонне. Як добра, калі не пакутуеш сумленнем, калі прымірыўся з усімі, пакаяўся. Як цудоўна, што ёсць у небе Вялікае і Святое… Дзякую Табе за ўсё: за жонку, за сына, за гэтае жыццё, якім Ты адарыў мяне, за сяброў, што не падвялі ў цяжкую хвіліну, не пасмяяліся і зразумелі: што і як трэба рабіць; за ўсіх людзей, з якімі жыву на гэтай зямлі… Якія ж яны добрыя, людзі!
10
(Ноч з 5 на 6 лістапада 1994 года)
Я не ведаю, спаў я ці мроіў наяве – але мне было добра, супакойна і сціхотна.
Я адчуваў, што Нехта думае пра мяне, Нехта клапоціцца і аберагае. Напэўна, людзі завуць Яго Богам. Ён Нябачны, Неспасцігальны і Вечны, Ён Нязменны, Бязмежны, Бясконцы і Ўсюдыісны; Усёведны, Звышмудры і Ўсемагутны, Добры, Святы і Праведны, Ён Сапраўдны і Справядлівы, Ён Творца гэтага свету, Ахоўнік яго і Вышэйшая Сіла і Воля, Ён Доўгацярплівы і Літасцівы – усё гэта Бог. Ён ненавідзіць зло і карае няпраўду, але Ён хоча ратунку для ўсіх, таму што Ён ёсць Любоў, і Сына Свайго аддаў на ахвяру за нашы грахі, Ён Святло, – Бессмяротны, Нятленны і Вечны. За ім тайна і неразгаданасць, бясконцасць і ўсёабдымнасць. Куды падзелася мая заўсёдная хваравітая цікаўнасць? Я ведаю цяпер: не ахапіць мне Яго ўсяіснасці. Як з ім добра і ўпэўнена. Жыццё стварае новыя законы. Зямля, зоры, сусвет – усё падуладна і ўпарадкавана Яго гарманічным законам. Маленькая зёлачка – і яна цягнецца да сонца. Сусвет. Вечнасць. Любоў. «Мир движим любовью». Яна пранікае ўсюды. Усім кіруе. Нешта і я значу ў гэтым вялізным сусвеце? I я патрэбен. Дзякую Табе за ўсё.
«Жыццё стварае новыя законы», творыць… жыццё стварае… Жыццё куе… Жыццё куе свае законы, жыццё куе свае законы…
Жыццё,