Дыплом на царства. Аркадзь Ліцьвін
не лічым. А заадно і гетмана вашага перахітрылі.
Ганец палічыў за лепшае не ўсведамляць баярыча, што і тут гетман перахітрыў Валуева. Не надта прыслухоўваючыся, паспеў прагледзець ліст і ледзь стрымаўся, каб не здрадзіцца з хваляваннем, якое накаціла ад першых радкоў. Не абы які лісцік, што і казаць! Каму яшчэ пра яго апроч гэтага прасцяка вядома?
– Гэту паперу, брат, проста так гетману не вернеш, – паважна прамовіў ганец, складваючы ліст і хаваючы ў кішэню. – Пад настрой хіба, – патлумачыў ён.
Вельмі баяўся, каб баярыч не перадумаў і не запатрабаваў аддаць.
– Ён у нас не скажаш, што злосны. Хутчэй – порах! Не любіць, каб яго вучылі, а тым больш, на памылкі паказвалі.
Твар баярыча асвяціла зласлівая ўсмешка задавальнення.
– Ну, яны ўсе такія! – азваўся з разуменнем азваўся, задаволены, што гетман адчуе сваю прамашку і зазлуе.
– Праўду баеш, – пахваліў ганец. – Але гетман усе паперы па вайсковых падзеях і справах загадвае збіраць, бо пасля, як спакой наступіць, усё апісаць хоча. А ў памяці ўсяго не ўтрымаеш.
– Вядома, – кіўнуў баярыч. – Так што няхай успомніць, як не ўдалася ягоная хітрасць. Але ці напіша пра гэта? – усумніўся ён. – А наш Валуеў толькі зірнуў і кажа:”Мана гэта! Хоча нас з лагера вывабіць”. Але паслаў з выведнікам да князя Дзьмітрыя Шуйскага. Князь вярнуў, дык Валуй адкінуў. А я падняў. Як ведаў, што з гетмана можна будзе пажартаваць.
– І разумна зрабіў! – пахваліў ганец. – Бо гетман кажа нам плаціць, калі якую завярушаную паперу нехта знойдзе і падасць.
Баярыч глянуў з недаверам, ці не жартуе ліцьвін. Кажуць, яны на такое здатныя. Але той паважна пацягнуўся да кашаля і выцягнуў бліскучы кружок.
– Вось бяры і не дзівіся. Твой тавар, нашы грошы. Мне апроч пахвалы ад гетмана нічога не належыць Ды і з пахвалою яшчэ як казаць, – зарагатаў ён, нібы запрашаючы падзяліць забаву. – Пад гарачую руку яшчэ і булавою трэсне. Можа яшчэ што цікавае маеш?
Баярыч хітра бліснуў вачыма. Магчыма ўжо шкадаваў, што так бяздумна пазбавіўся ліста, патрэбнага гетману для сур’ёзных спраў.
– У вас гляджу, звычка такая – збіраць паперы. – Да цябе яшчэ адзін дапытваўся. Асабліва наконт гэтага ліста.
Ганец насцярожыўся: гэта мог быць толькі той, каму вядома, што ліст існуе і недзе ў маскавітаў.
– Падмеціў! – пахваліў Бражына. – Любяць нашы іхмосьці сябе ўславіць ды гетману прыслужыцца. Чаму ж таму не аддаў?
– Ну, першае – мне карцела гетмана падкалоць, каб не думаў, што ўсе яго хітрыкі ўдаліся. А яшчэ, – баярыч задумаўся, – яшчэ здалося, што хоча ён некаму нягодства ўчыніць. Вочы ў яго нейкія няшчырыя, бегаюць.
Вытрымаўшы хвілю, прыпомніў: – А з папер мажліва знойдзецца нешта. Па злотаму за паперыну! – цвёрда вызначыў кошты.
Ганец не менш цвёрда кінуў насустрач: – Злоты за дзве і ані шэлега больш!
– Добра, – на дзіва лёгка пагадзіўся баярыч.
Відаць сам лічыў сваю цану завысокай і не спадзяваўся гешэфту на сустрэчных умовах. Да таго ж заставалася яшчэ нешта істотнае.
– Але