Дыплом на царства. Аркадзь Ліцьвін
прыжмурыў вока, але згледзеўшы спалох ганца, супакоіў.
– Не пужайся, пане—браце, і пальцам ніхто не крануў. Ды ты нам свяжэйшыя звесткі здабудзеш, не сумняюся.
Бражына здагадаўся, на што намёк. Па войску і нават між прыбочных царыка упарта шырыліся чуткі, ці не надумаліся баяры высунуць здатнага ваяра Яна Пятра Сапегу на царскі пасад. Несумненна і кароль і Жулкеўскі гэтым занепакоены. Раптам спакусіцца. Мае стараста такую жылку: весці за сабою. Яшчэ ў ліпені 1606 года на сесіі генеральнага кола літоўскай канфедэрацыі ў берасцейскай эканоміі прасіўся да ракашанаў пад Сандамеж. Ці не думаў узначаліць? Добра, вернае каралю войска прыгразіла смерцю і не дазволіла ад’ехаць. А пад Гузавым ужо за караля выступіў з двума харугвамі: гусарскай і казацкай. Чаму б зараз нешта падобнае не надумаў? Абставіны хутчэй спрыяльныя.
Кароль не хоча бачыць царом каралевіча Уладыслава. Шмат каму ў сэнаце не падабаецца элекцыя ў Масковіі пад ціскам войска Рэчы Паспалітай. Не да смаку несумненнае ўзвышэнне Жулкеўскага. Але ж прапусціць жвавага ліцьвіна Сапегу на маскоўскі сталец?… Гэта ж Вялікае Княства ды Масковія пад Сапегамі! А што тады з цяперашняй вуніяй? Кім стане Леў Сапега? Што два Сапегі пачнуць дыктаваць Варшаве?
Гетман ізноў прымоўк, нібы вагаючыся ці выказвацца наўпрост, ці пакарыстацца намёкамі. Выбраў першае, каб мець падставу патрабаваць дакладных звестак.
– Хоць ты і пры вялікім канцлеру, але на каралеўскай службе. Павінен разумець першаснасць дзяржаўных інтарэсаў. Служым Рэчы Паспалітай… «А не роду Сапегаў» – Бражына мог бы закончыць думку гетмана.
– Так, яснавяльможны пане, – адказаў амаль па вайсковаму.
– Вось і добра. І мне лягчэй, – гетман пацвердзіў сказанае лёгкай усмешкай. – Пан староста Сапега, як і ягоны брат Леў, смакуе ў хітрыках. Увогуле ў ягоных дачыненнях з маскавітамі адчуваецца рука Льва Сапегі. Баюся, ці не займаецца нейкімі падкопамі. Навошта б яму дапытвацца пра мае намеры, калі не мае ўласных амбіцый наконт Масквы? Зычыць сабе дапамогі з майго боку, а дзеля якіх мэтаў, незразумела. Мае шмат прыяцеляў між баярамі, а ў тых грошы і ў смуту не перавяліся. Бражына здагадваўся, што паводзіны Яна Пятра Сапегі непакояць гетмана з—за паставы караля на перамовах з баярскім пасольствам. Маскавіты настойвалі, што хочуць на гасудара толькі каралевіча і проста так адмахнуцца не выпадала. Дзеля чаго ж было каралю перціся ў такую далеч з Рэчы Паспалітай? Не давяраў Льву Сапегу і Жулкеўскаму? Гнаўся за славай каталіцкага ваяра?
– Пастава пана старосты можа паўплываць на задумы караля і нават пакрыжаваць іх, – гетман узняў тонкі палец. – Найлепш было б, каб ён з войскам далучыўся да нас, ўзяўшы пад сваю руку тых ад Ражынскага.
Жулкеўскі змоўк. Здавалася, усё абгаворана.
– Твая задача, апроч даручэння маіх лістоў, усё гэта выведаць, – падкрэсліў гетман і нечакана дадаў:– Не дае мне спакою той нямецкі ліст. Чалавек дакладна ведаў сітуацыю і майго войска і вялікалітоўскага, але падаваў яе ў лісце адваротна сапраўднасці.
– Чалавек