Завеі, снежань. Іван Мележ
вінаваты ў тым, што не можа пайсці? Ці ж можна вінаваціць чалавека, што ён жыве так, як умее? Як душа вядзе? Што ён не можа іначай, што яму так цяжка мяняць? Што тое, што аднаму лёгка, другому – такое цяжкае, што сілы не мае пераступіць! Была пара, лёгка было ім, вольным, само, здаецца, шчасце ішло. Бяры яго, шчасце, ды дзякуй долі, дык – не ўзяла, дурная! Страціла з-за дурной сваёй галавы! Назаўсёды страціла! Не хлопец, не вольны цяпер. Гаспадарку зладзіў сваю, столькі сілы ўпяў, столькі агораў. Прыкіпеў душою, душу ўсю аддаў. Калі б і кінуў усё, пайшоў з ёю, багата б там асталося. Не вольны. Не можа. Свая дарога. Неахвотна, прымушаючы сябе, адступалася, адрывала яго ад сваіх надзей: няма чаго хапацца за тое, што прапала. Трэба жыць тым, што дае доля. Жыць адной. Меркаваць адной.
Думала не раз пра Курані: што там гавораць пра яе? Стараючыся адгадаць, яна амаль чула галасы: спачуванне, асуджэнне, ухвалу. Сярод іншых згадвала – насцярожана – мачыху, лагодна, журліва – бацьку: як ён перажыў падзею гэту ў несамавітай долі сваёй дачкі?
Даведаліся ж, пэўна, дзе яна. Не могуць не даведацца. Павінны, мабыць, прыехаць скора…
Яны прыехалі на другі дзень пасля таго, як заявіўся Яўхім.
Ганна толькі памыла падлогу ў Парасчыным пакоі, выйшла з вядром бруднай вады на ганак, калі ўгледзела, што з вуліцы на шырокі школьны двор уязджаюць калёсы. Адразу насцярожана стала: пазнала – перад калёсамі ступаў сівы бацькаў конь. Яна кінулася назад, ткнула вядро ў куток кухні, хапатліва апусціла падаткнуты край спадніцы, хутка выцерла ногі, рукі.
Ступіла ў Парасчын пакой, па мокрай яшчэ падлозе падышла да акна. З хваляваннем, з неспакоем сачыла: бацька спыніўся сярод двара, няўпэўнена агледзеўся. Мачыха кіўнула ў бок школы, штосьці сказала, але ён, крутнуўшы нязгодна галавою, палез з калёс, стаў наматваць вожкі на ручку. Кінуў каню сена. Мачыха таксама злезла з калёс, навастрылася позіркам на школу. Ганна схамянулася, выйшла на ганак. З ганка ступенька за ступенькай сышла ўніз.
Мачыха ўзрадавана заспяшалася насустрач. Бацька замітусіўся, узяў з воза клунак, таксама пайшоў хапаючыся, быццам баяўся спазніцца. Мачыха паздаровалася, пацалавалася, бацька ад хвалявання толькі любасна, жаласна заморгаў вачыма.
– Мы тут падушку ды коўдру прывезлі, – сказала дзелавіта мачыха. Яна трымалася спакойна, з такім выглядам, быццам нічога і не здарылася асаблівага.
– От ето добра, – спакойна ж адказала Ганна. Са спакойнай жа гасціннасцю запрасіла: – Заходзьце. Гасцямі будзеце!.. Дайце мне клунак, тато!
– Да ўжэ данясу, – не згадзіўся бацька.
Яна першая пайшла ў калідор, у баковачку кухні. У кухні заўважыла: мачыха, прыціхлая, пільная, азіраецца, разглядвае ўсё навокал, бацька стаіць няёмка, не зварухнецца – трымае на руках клунак. Ганна ўзяла клунак, ускінула на печ, каб не маўчаць, растлумачыла:
– Ето – кухня. Тут я гатую…
Мачыха кіўнула спрытнай галоўкай:
– Аге.
Падала абаім табурэткі. Бацька сеў асцярожна, сядзеў