Завеі, снежань. Іван Мележ

Завеі, снежань - Іван Мележ


Скачать книгу
ўжо, асцярожна налівалі ў сподачкі чай, сёрбалі і амаль увесь час маўчалі. Мачыха піла ўпраўна, і варэнне спытала добра, і хваліла яго, бацька цягнуў ваду без смаку, да варэння не дакрануўся. Глядзеў усё жаласнымі, трывожнымі вачыма; па вачах відаць было, як шкадаваў, трывожыўся. Ганне аж супакоіць яго хацелася.

      Напіўшыся, выціраючы яшчэ чырванейшы, потны твар, мачыха хвіліну сядзела важная, сур'ёзная. Як бы паказваючы, што цяпер пара пра галоўнае пачаць.

      – Буў ужэ?.. – не то запытала, не то адзначыла проста. Ганна зразумела – пра Яўхіма гаворыць.

      – Буў.

      Мачыха сур'ёзна стуліла губы. Уздыхнула.

      – І к нам прыходзіў. Гразіўся.

      – Няхай грозіцца! – Ганна весела ўстала, накрыла слоік з варэннем. – Тут таксамо страшыў! Да я астудзіла трохі!

      Бацька не павесялеў ад яе слоў. На твары паявілася нешта нават такое, нібы папракнуць хацеў.

      – Ты асцярожней будзь, – папрасіў лагодна. – Ён – паганы…

      – Аге, ён калі пагразіўся, дак нешто думае, – павучальна дадала мачыха. – Ты ўсё-такі бойся!

      – Не такі ён страшны, – разважліва ўжо, каб не трывожыць лішне бацьку, прамовіла Ганна.

      – Страшны не страшны, а – асцярожней будзь.

      – Да ўжэ ж, сама не палезу на ражон.

      Зноў папілі чаю са сподачкаў і сталі збірацца. Ужо каля калёс, перад тым як развітацца, бацька яшчэ нагадаў:

      – Ён – паганы. Не адступіцца так… Ну, і тое – беражонага – Бог беражэ…

      – Ето праўда, – стуліўшы губы, кіўнула мачыха.

      Ганна не стала пярэчыць. Бацька раптам болесна скрывіўся, ледзь не заплакаў. Але стрымаўся.

      – Калі што трэба будзе, накажы.

      – Накажу.

      Пасля іх было маркотна, трывожна думала пра Яўхіма. Але з усім была і палёгка: цяпер ведала, як яны там, пасля ўсяго, што яна зрабіла.

      Пад вечар таго ж дня заехаў Міканор. Прывязаў каня каля плота, доўга атрэсваўся каля калёс, выціраў запыленыя боты. На ганку ўжо прыпыніўся, агледзеў сябе яшчэ раз, абцягнуў пінжак, з калідора громка, смела пастукаў.

      Ганна, хоць у акно бачыла ўжо, запыталася, хто там; а калі ён брава ўвайшоў, акінуўшы позіркам яго нацятую постаць, сказала радасна:

      – О, Міканор сам! Не забывае сваіх куранёўскіх!

      – А чаго ж забываць, – у тон адказаў Міканор. – Ето от штоб некаторыя куранёўскія не зазналіся. Не забылі сваіх!..

      Ён, адразу заўважыўшы, што Параскі няма, прыслухаўся, ці не чуваць на кухні, у класах. Ганна перахапіла яго, з насмешачкай памагла:

      – Параскевы Андрэеўны няма. Пайшла на сяло. Саўсім нядаўна.

      Ён нібы не заўважыў яе насмешкі, знарок спакойна патупаў, зірнуў у акно да каня.

      – Ехаў от з Юравіч. Дай, думаю, пагляджу, як жывуць…

      – Жывем от неяк. Не жалуемся. – Падчапіла: – Каб часцей заязджалі некаторыя, дак, можа б, шчэ лепей жылі.

      – На адчот у райком вызывалі, – нібы не заўважыў ён жарту. – Як да зімы падгатовіліся. – Міканор сеў на крэсла каля стала са сшыткамі, узяў адзін, разгарнуў.


Скачать книгу