Разламашкі майстра Люфта (зборнік). Кацярына Мядзведзева
што менавіта ты хочаш знайсці ў прадзедавай кніжцы. Я цябе вельмі добра разумею! – цяпер Молі казала з жарам і запалам. – Я таксама цярпець не магу гэтыя рудыя плямы на твары, і абавязкова пазбаўлюся ад іх, і мая скура стане прыгожай і чыстай, і…
– Але прычым жа тут вяснушкі? – прагаварыла я. – Молі, Лем, вы ўпэўнены, што містар Свіфт правільна расшыфраваў запісы вашага прадзеда? На 87 старонцы павінна было быць нешта зусім іншае! Быць можа, у простага аптэкара не хапіла адукацыі і ведаў, каб правільна растлумачыць рэцэпт?
– Упэўнены, што містар Свіфт усё зрабіў правільна, – адказаў Лем сур’ёзна. – Сама памяркуй, Дэйсі, хто лепш прачытае запісы аптэкара, чым іншы аптэкар?
– Аптэкара? Што? Ты хочаш сказаць, што сэр Лемюэль Грымсвотн быў аптэкарам?
– Ну так, маг фармацэўтыкі, уладар глаўберавай солі і рыцыны, дрэсіроўшчык п’явак, а пры згасаючым месяцы ён яшчэ і зубы вырываў ахвотнікам…
Мяне нібы аглушыла, і ўсе словы Лема даносіліся здалёк, праз тоўстую заслону ашаламлення і смутку. Аптэкар. Сродак ад вяснушак. Змазваць пасля ўмывання. А як жа чараўніцтва? Як жа спосаб стаць бачнай і нарэшце зрабіць штосьці са сваім сумным жыццём? І чаму, чаму ж я за ўвесь гэты час ні разу не пацікавілася прафесіяй сэра Грымсвотна, а толькі чула тое, што хацела пачуць? Зразумеўшы, што слёзы кіпяць на вачах, я аддала Лемюэлю злашчасную бутэлечку і кінулася прочкі.
– Дэйсі, куды ж ты? – закрычала Молі разгублена.
А я і сама не ведала, куды. Мне хацелася скрозь зямлю праваліцца, абы толькі не стаяць цяпер побач з гэтымі цудоўнымі людзьмі, дабрыню і спагадлівасць якіх я так бессаромна выкарыстоўвала, распавядаючы пра «пытанне жыцця і смерці». А ў выніку аказалася, што я шукала ўсяго толькі рэцэпт ад вяснушак? О, якая насмешка лёсу. Якая пстрычка па носе. І па заслугах мне, па заслугах! Нудная, маркотная, няздольная падтрымліваць гутарку і жартаваць, нязграбная, непрыгожая і немаладая, я раптам уявіла пра сябе немаведама што. Зачараваная… Ды каму я патрэбна! Не, зачароўваюць шкодных і наравістых прыгажунь, а такую, як я, ніводны нармальны чараўнік і не заўважыць…
Я забегла ў нейкую цёмную падваротню і дала волю слёзам. Ох, як я кляла сябе, прыдуркаватую, за тое, што дазволіла разгуляцца фантазіям, за тое, што вышукала ў старадаўніх лістах словы, якіх там не было, а потым увяла ў зман незнаёмых мне людзей, блукала па іх дамах, выслухвала чужыя сямейныя гісторыі, ледзь не па шафах і кладоўках шнарыла. Божа, які сорам, якая ганьба! Аптэкар! А я напрыдумляла сабе невядома што! Маг і чарнакніжнік, стваральнік гамункулусаў, заклінальнік чарцей, ратавальнік дурных жытнёвых блінчыкаў… Не, з цыбуліны не вырасце ружа, бабуля правільна кажа.
Я рыдала, захінуўшы твар рукамі, як раптам хтосьці абхапіў мае плечы, асцярожна і моцна, і разгарнуў мяне да сябе. Я ўткнулася тварам у мяккую тканіну Лемавага сурдута і расплакалася яшчэ больш.
Калі вы жадаеце суняць нечыя слёзы, размаўляйце, смейцеся, іранізуйце, заводзьце гутарку пра надвор’е ці крычыце, толькі не абдымайце і не шкадуйце. Ад жалю да самога сябе ды атрымаўшы