Інтэрпрэтацыі. Мікалай Паграноўскі

Інтэрпрэтацыі - Мікалай Паграноўскі


Скачать книгу
у Пецярбурзе, былі, бадай, найбольш насычанымі творчай працай, уражаннямі, сустрэчамі. Працягваецца сяброўства з Адамам Міцкевічам – яны пазнаёміліся яшчэ падчас вучобы ў Віленскім універсітэце. Менавіта Міцкевіч знаёміць Ваньковіча з Пушкіным.

      У 1828 годзе Ваньковіч стварыў карціну «Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг» (Нацыянальны музей у Варшаве). Дарэчы, гэты твор у музеі мае іншую назву: «Партрэт Адама Міцкевіча». Розныя назвы нарадзіліся, мусіць, таму, што існуе некалькі копій гэтага твора. Мастак здолеў перадаць стан натхнення паэта, таямніцу стыхіі творчасці. Ён дасягнуў у гэтым партрэце вяршыняў майстэрства.

      Зусім нядаўна мы даведаліся, што ў гэты ж час Ваньковіч напісаў партрэт Пушкіна як парны да партрэта Міцкевіча. Характарам партрэтных відарысаў ён падкрэсліў духоўную блізкасць вялікіх славянскіх паэтаў.

      Сёння партрэт польскага паэта мае сусветную славу. А пушкінскі партрэт? Ён бясследна знік.

      Можа быць, мы яшчэ ўбачым невядомую пакуль жывапісную выяву Пушкіна ва ўзросце 29 гадоў і – што асабліва цікава – з натуры? Да такой думкі прыводзіць адкрыццё пецярбургскага пушкініста М. Бяляева. Ён звярнуў увагу на мала каму знаёмыя нататкі польскага ўрача Станіслава Мараўскага, які наведаў у 1828 годзе майстэрню Валенція Ваньковіча.

      «Сярод карцін, размешчаных па сценах, у вочы кідаліся два вялікія партрэты, якія стаялі на мальбертах адзін каля аднаго. Адзін з іх, той самы, выкананы ў шчаслівую хвіліну, – партрэт Міцкевіча ў бурцы, які абапіраецца на скалу, – партрэт, што потым зрабіўся такім папулярным («Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг»), побач стаяў другі партрэт аднолькавага памеру. Ён уяўляў сабой мужчыну, захутанага ў шырокі плашчальмавіву з клятчастай падкладкай, які сядзіць у сузіранні і роздуме пад цяністым дрэвам… Гэта Пушкін, і прытым падобны, як дзве кроплі вады».

      Збераглося сведчанне, што згаданае палатно бачылі таксама Пётр Вяземскі, Алена Шыманоўская – дачка знакамітай польскай піяністкі Марыі Шыманоўскай, чый салон служыў своеасаблівым цэнтрам хаўрусавання польскай і рускай інтэлігенцыі. У салоне бывалі і Пушкін, і Ваньковіч, які выканаў на просьбу прыхільнікаў паэта яго партрэт алеем.

      Бяляеў заўважыў, што твор, апісаны сучаснікам Ваньковіча Мараўскім, вельмі нагадвае малюнак алоўкам, падараваны ў свой час сынам паэта Рыгорам Аляксандравічам Румянцаўскаму музею як аўтапартрэт бацькі. У 1937 годзе малюнак быў перададзены Дзяржаўнай Публічнай бібліятэкай (рукапісны аддзел) імя М.Я. Салтыкова-Шчадрына Усесаюзнаму музею А.С. Пушкіна (г. Пушкін, былое Царскае Сяло).

      Аднак манера выканання малюнка зусім не адпавядае пушкінскай.

      Трэба меркаваць, што гэтыя разважанні падштурхнулі Бяляева раскрыць акантоўку. І пад ёй выявіўся подпіс: «В. Ваньковіч». А гэта азначае, што мы маем падрыхтоўчы накід да партрэта. Але ж дзе жывапісны партрэт?

      Як сцвярджае літаратар С.Ф. Лібровіч (пераказваючы словы сучасніка Пушкіна), паэт нібыта падараваў свой партрэт суседцы па Болдзіне П.П. Кроткавай, народжанай Навасільцавай, але далейшы яго лёс невядомы.


Скачать книгу