Голад (зборнік). Кнут Гамсун
сабе пазычаць у каго-кольвечы коўдру, можа, нават сёння я сяду пісаць артыкул пра злачынствы будучыні або пра свабоду волі… што-небудзь, вартае чытання, за што я змагу атрымаць сама меней дзесяць крон… Думка пра будучы артыкул надала мяне такога запалу, што я гатовы быў тут жа ўзяцца за яго, карыстаючыся тым, што мая галава перапоўненая рознымі ідэямі; мне трэба было знайсці добрае месцейка ў Замкавым парку і пісаць, не спыняючыся, аж пакуль я не скончу гэты артыкул.
Але той кульгавы чалавек чыкільгаў і чыкільгаў перада мною: нязграбныя рухі гэтага калекі пачалі ўсё болей цвяліць мяне. Мне ўжо здавалася, што гэтай вандроўцы не будзе канца: можа, ён ішоў туды, куды і я, то значыць, я ўвесь час мусіў трываць яго перад вачыма. Раздражнёнаму, мне здавалася, што ён свядома спыняецца на кожным скрыжаванні і глядзіць, куды я збіраюся ісці далей, а потым бярэцца зручней за свой клунак і налягае на хаду, каб не даць абагнаць сябе. Я іду і гляджу на гэтую вартую жалю істоту, і злосць усё больш і больш ахоплівае мяне, я адчуваю, што ўсе вабноты свежага і гожага ранку пачынаюць знікаць і ператварацца ў брыдоту. Гэты чалавек выглядаў як вялікая жамяра з пашкоджанай лапкаю, што гвалтам імкнецца ўзбіцца на нейкі шлях у свеце і заняць увесь дарэшты ходнік. Выйшаўшы на самае высокае месца, я ўжо не хацеў пагаджацца з гэткім станам рэчаў: я спыніўся каля вітрыны і хацеў перачакаць, каб ён адышоўся як мага далей. Але калі я рушыў далей, я зноўку ўбачыў кульгавага мужчыну проста перад сабою, бо ён таксама, аказваецца, тады стаяў як укапаны. Я інстынктыўна зрабіў тры-чатыры хуткія крокі наперад, дагнаў яго і моцна штурхнуў у плячо.
Ён тут жа спыніўся. Нейкую хвілю мы стаялі, утаропіўшыся адзін у аднаго.
– Адзін шылінг на малако! – прамовіў ён нарэшце, пахіліўшы галаву ўбок.
Вось я дык трапіў! Я пачаў шукаць у сябе у кішэнях, а потым сказаў яму:
– На малако… гм… ну добра… Цяпер неяк цяжкавата з гатоўкаю, да таго ж я не ведаю, ці гэта вам так пільна патрэбна.
– Я з учарашняга дня, як пайшоў з Драмена, анічога не меў у роце, – сказаў чалавек, – у мяне няма аніводнага эрэ, і працы ніякай я так і не здолеў знайсці.
– Вы, відаць, рамеснік?
– Ага, ігольшчык.
– Як-як?
– Ігольшчык. Але ж я ўмею і боты шыць.
– Ну, дык так бы і сказалі, – прамовіў я. – Пачакайце тут хвіліну-другую. Я пашукаю вам грошай, колькі эрэ.
Я подбегам паляцеў па Пілестрэдэт, дзе, як мне было вядома, на другім паверсе жыў чалавек, які браў рэчы пад заклад; зрэшты, я ў яго раней ніколі не бываў. Зайшоўшы ў браму, я хуценька зняў камізэльку і, згарнуўшы, сунуў пад паху. Потым рушыў угару сходамі, пастукаў у дзверы. Зрабіўшы лёгкі паклон, я паклаў камізэльку на прылавак.
– Паўтары кроны, – прамовіў ліхвяр.
– Добра, дзякуй, – адказаў я.
Калі б яна не ціснула мне ў баках, я б нізашто з ёю не развітаўся.
Я атрымаў грошы і квіт і пайшоў на ранейшае месца. Задума з камізэлькаю была напраўду дасканалаю: у