Голад (зборнік). Кнут Гамсун
не зірнуўшы на мяне.
– На ўсе пяцьдзясят эрэ, на ўсе дарэшты, – адказаў я спакойна.
Я атрымаў тое, што прасіў, пасля як мага больш ветліва сказаў «дзень добры» старой і тлустай жанчыне і скіраваўся наўпрост цераз Замкавую гару да парка. Там я знайшоў пустую лаўку і прагна пачаў з’ядаць свой харч. Пайшло мне вельмі добра: мінула нямала часу, калі я апошні раз мог гэтак уволю пад’есці, і цяпер ува мне ўсё мацнела і мацнела адчуванне сытага спакою, якім яно бывае, прыкладам, пасля доўгага плачу. Я зрабіўся зусім адважным, мяне цяпер не задаволіў бы артыкул пра нешта такое простае і зразумелае, як злачынствы будучыні, – да гэтага мог бы дадумацца ці знайсці нешта ў кніжках хто заўгодна. Я адчуў, што здольны на большае, што ўва мне ёсць сіла пераадолець любыя цяжкасці; урэшце я вырашыў напісаць трохчасткавы трактат пра філасофскае пазнанне. Натуральна, што гэта дасць мне нагоду ўшчэнт разбіць некаторыя з вартых жалю Кантавых сафізмаў… Калі, аднак, я, сабраўшыся пісаць, выцягнуў пісьмовыя прылады, выявілася, што ў мяне больш не было алоўка: ён застаўся ў кішэні камізэлькі, пакінутай у ліхвяра.
Божа-божа, як жа ўсё ў мяне пайшло не тым бокам! Я колькі разоў вылаяўся, потым пачаў ліхаманкава хадзіць сюды-туды па сцежцы. Навокал стаяла поўная цішыня, толькі недзе паводдаль, паблізу альтанкі каралевы, нейкія мамкі каталі немаўлят у вазках, а больш нідзе не было відаць нікога. Мяне разбірала зло, і я, як шалёны, лётаў вакол сваёй лаўкі. Як жа недарэчна, што ні кажы, усё паварочвалася! Трохчасткавы артыкул мог быць не напісаны з тае простае прычыны, што ў мяне ў кішэні не было алоўка за якія дзесяць эрэ! А што, калі вярнуцца на Пілестрэдэт і папрасіць вярнуць мне аловак? Мне яшчэ хопіць часу, каб напісаць вялікую частку задуманага, перш чым у парку будзе поўна пешаходаў. Ад гэтага трактата пра філасофскае пазнанне шмат што залежала… можа быць, шчасце многіх людзей – хто ведае? Я сказаў сабе, што, напісаўшы яго, я здолею сур’ёзна дапамагчы не аднаму маладому чалавеку. Паразважаўшы, я вырашыў не закранаць Канта – гэтую праблему я мог бы абмінуць, незаўважна перавёўшы размову на пытанні часу і прасторы, – але ж за Рэнана, за гэтага старога вясковага папа Рэнана я заступацца не буду… У кожным разе, я мусіў напісаць працу на столькі і столькі калонак тэксту: неаплачанае жытло, пільны позірк гаспадыні дома ўранку, калі я збягаў сходамі паўз яе, даймалі мяне цэлы дзень і нават аднекуль усплывалі ў радасныя хвілі, калі змрочных думак у галаве нібыта і не было. Гэтаму трэба было пакласці канец. Я шпаркімі крокамі выйшаў з парка і пашыбаваў да ліхвяра, у якога застаўся мой аловак.
Спусціўшыся з Замкавай гары, я дагнаў дзвюх дам. Абмінаючы іх, я дакрануўся да рукава сукенкі аднае дамы, я паглядзеў на яе: яна мела паўнаваты, крыху бледны тварык. І раптам яна заліваецца чырванню і робіцца надзвычай прыгожаю – напэўна, пад уражаннем слова, пачутага ад прахожага, а можа, проста ад думкі, што раптоўна прамільгнула ў яе галаве. А ці не таму, што я да яе дакрануўся? Яе высокія грудзі пачалі гожа ўздымацца, гэта доўжылася нейкія хвілі, рука мацней сціснула