Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік). Артур Конан Дойл
білеты да Нью-Брайтана, ну і я купіў, толькі сеў на тры вагоны далей. Па прыездзе яны пайшлі наперад, а я за імі на адлегласці не больш чым у сто ярдаў. Яны нанялі лодку і паплылі – было ж вельмі горача, і яны спадзяваліся, што на вадзе лягчэй.
Цяпер іх нібыта хтосьці аддаў у мае рукі. Стаяў невялікі туман, і бачнасць была не большаю за пару сотняў ярдаў. Я таксама ўзяў лодку і паплыў за імі. Іх чаўнок цьмяна віднеўся наперадзе, але яны веславалі прыкладна гэтак жа, як я, таму адплылі ад берага на добрую мілю, перш чым я іх дагнаў. Дымка атачала нас як завеса, а мы трое былі пасярод яе. Божа мой, ці змагу я хоць калі забыць іхныя твары, калі яны ўбачылі хто плыве ў суседняй лодцы? Яна закрычала. Ён пачаў шалёна лаяцца і тыкаць у мяне вяслом – мабыць, убачыў сваю смерць у маіх вачах. Я ўхіліўся і ўдарыў яго той палкай. Яго галава раскалолася, нібы яйка. Можа, над ёй бы я злітаваўся, забыўшы сваё шаленства, але яна пацягнулася да яго, плачучы, і паклікала: «Алек». І я ўдарыў зноў, і яна ўпала побач з ім. А я ператварыўся ў дзікага звера, што адчуў пах крыві. Калі б там была Сара, клянуся, яна б адправілася ўслед за імі. Я дастаў нож і… не, хопіць. Я адчуваў нейкую жорсткую радасць, уяўляючы, што будзе з Сарай, калі яна ўбачыць гэта і зразумее, да чаго давяло яе ўмяшанне. Потым прывязаў целы да лодкі, прабіў дошку і пачакаў, пакуль яны патонуць. Я ведаў, што гаспадар падумае, нібыта яны згубілі кірунак у гэтым тумане і іх знесла ў мора. Прывёў сябе ў парадак, вярнуўся на бераг, адплыў на сваім параходзе, і ні адна жывая душа не западозрыла, што адбылося. Той ноччу я падрыхтаваў пасылку для Сары, а назаўтра адправіў яе з Белфаста.
Вось вы і ведаеце ўсё. Можаце павесіць, можаце што хочаце, але вы не здолееце мяне пакараць больш, чым я пакараны ўжо. Вачэй не магу заплюшчыць, каб не бачыць двух твараў, што глядзяць на мяне – глядзяць як тады, калі мая лодка вынырнула з туману. Я забіў іх хутка, а яны забіваюць мяне павольна. Яшчэ адна такая ноч – і я ці звар’яцею, ці не дажыву да раніцы. Вы ж не пасадзіце мяне ў адзіночку, сэр? Злітуйцеся, малю вас, і няхай у смяротную гадзіну нехта абыдзецца з вамі гэтак жа, як вы са мной цяпер».
– Дзеля чаго гэта ўсё, Ўотсан? – сумна прамовіў Холмс, адклаўшы паперы. – Які сэнс у гэтым кругавароце пакутаў, жорсткасці і страху? У гэтага ж мусіць быць нейкая мэта, іначай нашым сусветам кіруе выпадак, а гэта неверагодна. Але якая мэта? Вось вечнае пытанне, на якое чалавечы розум так і не знайшоў адказу.
Жоўты твар
Публікуючы гэтыя нарысы, заснаваныя на шматлікіх выпадках, калі выбітны талент майго таварыша зрабіў нас гледачамі, а часам нават акторамі нейкай дзіўнай п’есы, натуральна, я апавядаю хутчэй пра яго поспехі, чым пра няўдачы. І гэта не столькі дзеля падтрымання яго рэпутацыі – бо, наадварот, калі ён заходзіў у тупік, энергія і рознабаковасць ягонай асобы ўражвалі найбольш, – але таму, што калі ён цярпеў паразу, зазвычай ніхто іншы таксама не спраўляўся, і гісторыя заставалася без фіналу. Аднак бывала, што нават калі ён памыляўся, праўда ўсё адно выходзіла