Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік). Артур Конан Дойл
У яго не было ні нажа, ні ранаў. Безумоўна, факты супраць яго. Ён быў вельмі зацікаўлены ў знікненні фаварыта. Хлусіў пад прысягай, што не падсыпаў наркотыку памочніку конюха. Відавочна, што ён выходзіў з дому ў навальніцу; пры ім быў цяжкі кій, а ягоная шыйная хустка знойдзеная ў руцэ забітага. Думаю, мы маем дастаткова доказаў, каб аддаць яго пад суд.
Холмс адмоўна пакруціў галавой.
– Кемлівы адвакат не пакіне ад іх каменя на камені, – сказаў ён. – Навошта Сімпсану выводзіць каня са стайняў, калі ён мог нанесці яму якія-небудзь пашкоджанні проста там? Ці знайшлі ў яго дублікат ключа? Які аптэкар прадаў яму опій у парашку? І яшчэ – дзе ён, чужы для гэтых мясцінаў чалавек, змог схаваць каня, асабліва такога каня? Як, дарэчы, ён сам тлумачыць гісторыю з запіскай, якую хацеў перадаць памочніку конюха праз пакаёўку?
– Гаворыць, што гэта была дзесяціфунтавая банкнота. Адну такую знайшлі ў ягоным кашальку. А астатнія пярэчанні не такія ўжо і непераадольныя, як падаецца. Мясціны ён ведае. Ён двойчы здымаў летні домік у Тавістоку. Опій мог прывезці з Лондана. Скарыстаўшыся ключом, выкінуў яго, бо ўжо не меў у ім патрэбы. Конь можа быць на дне капальні ці ў старой шахце на тарфяніках.
– А пра шыйную хустку што кажа?
– Прызнае ў ёй сваю і сцвярджае, што згубіў яе. Але ў справе з’явілася новая дэталь, якая можа падмацаваць версію пра тое, што са стайні каня вывеў менавіта ён.
Холмс навастрыў вушы.
– Мы знайшлі сляды цыганскага табара, які стаяў за мілю ад месца забойства ў панядзелак ноччу. У аўторак цыгане зняліся з месца. Калі дапусціць, што паміж імі і Сімпсанам была дамоўленасць, ён мог весці да іх каня, калі быў заспеты, і імаверна, што конь цяпер у іх.
– Выглядае праўдападобна.
– Цяпер мы прачэсваем тарфянікі ў пошуках гэтага табару. Таксама я абследаваў кожную стайню і хлеў у Тавістоку ў радыюсе дзесяці міляў.
– Наколькі мне вядома, па суседстве ёсць яшчэ адна стайня?
– Ёсць, і, натуральна, мы не ўпусцілі з-пад увагі гэты факт. Іх конь Дэсбара – другі паводле букмекераў, яго гаспадары натуральна зацікаўленыя ў знікненні фаварыта. Вядома, што трэнер Сайлас Браўн паставіў вельмі шмат на гэтыя спаборніцтвы, а з няшчасным Стрэйкерам адносіны ў яго былі нацягнутыя. Тым не менш падчас агляду суседскай стайні нічога не паказала на датычнасць Сайласа Браўна да здарэння.
– І нічога не лучыць падазраванага Сімпсана са стайняй Мэйплтана?
– Зусім нічога.
Холмс адкінуўся на сядзенне, і размова сціхла. Праз некалькі хвілін наш фурман спыніў экіпаж каля невялікай ахайнай вілы пры дарозе, пабудаванай з чырвонай цэглы і з карнізнымі выступамі ўверсе. На некаторай адлегласці па той бок ад выгулу для коней была відаць надворная пабудова з дахам, выкладзеным шэрай дахоўкай. Ва ўсіх астатніх кірунках слаліся шырокімі хвалямі тарфянішчы, парослыя выцвілай папараццю, якая надавала ім бронзавы колер. Лінія гарызонту перарывалася толькі шпілямі Тавістока і групай будынкаў у заходнім кірунку, якія пэўна былі