Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік). Артур Конан Дойл

Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік) - Артур Конан Дойл


Скачать книгу
калі мы сядзелі з ім за келіхам віскі з содавай на Бэйкер-стрыт. – Абставілі ўсё незвычайна, лепш і не прыдумаеш. Несумненна, ідэя прыйшла ў светлы розум Клэя дзякуючы колеру валасоў яго суўдзельніка. Чатыры фунты на тыдзень – прынада, якую яны скарысталі. Страта нязначная для тых, хто вядзе гульню на тысячы. Змясцілі абвестку, адзін з жулікаў зняў на сваё імя часовае памяшканне, а другі падштурхнуў уладальніка ламбарда адгукнуцца на яе. Такім чынам яны забяспечылі яго адсутнасць штораніцы. Як толькі я пачуў, што памочнік пагадзіўся працаваць за палову заробка, я зразумеў, што ён мае важкі матыў, каб заставацца ў доме.

      – Але як вы зразумелі, у чым матыў?

      – Калі б у доме жыла жанчына, я западозрыў бы банальную інтрыжку. Але гэтая версія адпадала. Абарот у ламбарда невялікі, у доме няма нічога, што запатрабавала б такой грандыёзнай падрыхтоўкі і такіх выдаткаў. Тады гэта штосьці па-за домам. І што ж? Я падумаў пра захапленне памочніка фатаграфіяй і яго наведванні склепа. Склеп! Вось і канец гэтай заблытанай вяровачкі. Я правёў маленькае расследаванне што да асобы гэтага загадкавага памочніка і вось што высветліў: мы маем справу з адным з самых разумных і дзёрзкіх крымінальнікаў Лондана. Ён чымсьці займаўся ў склепе, чымсьці, што збірала ў яго шмат гадзін на дзень да канца месяца. І зноў пытанне: чым менавіта? Мне не прыйшло ў галаву нічога іншага, як падкоп у суседні будынак.

      Я хацеў спраўдзіць гэтую думку, калі мы з вамі прыйшлі на месца падзей. Вы здзівіліся, калі я пагрукаў кіем па ходніку. Мне трэба было высветліць, спераду ці ззаду дома знаходзіцца склеп. Спераду яго не было. Тады я пазваніў у дом. Як я і спадзяваўся, адчыніў памочнік. Мы мелі некалькі завочных сутычак, але адзін аднаго не бачылі. Мяне і не цікавіла, як ён выглядае. Я жадаў зірнуць на яго калені. Вы, мусіць, заўважылі, якія выцертыя, памятыя і брудныя былі ў яго штаны на каленях. Усё паказвала на тое, што ён прабавіў гадзіны за капаннем. Заставалася толькі высветліць, куды вядзе падземны ход. Я прайшоў да рога вуліцы і зазірнуў за яго. Убачыўшы Гарадскі і прыгарадны банк, які суседнічае з ламбардам нашага сябра, я адразу ж зразумеў, што развязаў загадку. Калі пасля канцэрта вы паехалі дахаты, я наведаўся ў Скотланд-Ярд і да старшыні рады дырэктараў з вядомым вам вынікам.

      – А як вы здагадаліся, што сваю вылазку яны плануюць на сёння?

      – Калі кантору Саюза зачынілі, значыць, прысутнасць містэра Явіса Ўілсана ім болей не перашкаджала, іншымі словамі, падкоп завершаны. Для іх важна было скарыстацца падземным ходам як мага хутчэй, пакуль яго не знайшлі і пакуль золата не перавезлі ў іншае месца. Субота пасавала ім найбольш, бо тады яны б мелі два дні на ўцёкі. Таму я чакаў іх менавіта сёння.

      – Вашая логіка проста бліскучая, – усклікнуў я са шчырым захапленнем. – Ланцужок разважанняў вельмі доўгі, але вы не схібілі ні ў адным пункце.

      – Мяне гэта ратуе ад нуды, – адказаў Холмс пазяхаючы. – Але як шкада! Адчуваю, што яна зноў на мяне находзіць. Маё жыццё – суцэльныя ўцёкі ад шэрасці існавання. Гэтыя маленькія загадкі дапамагаюць мне.

      – А вы дапамагаеце


Скачать книгу