Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік). Артур Конан Дойл
і нервовая дзяўчына, і яе цяжка ўтрымаць, калі яна на штосьці наважылася. Безумоўна, супраць вас я нямоцна пярэчыў, бо вы не звязаныя з афіцыйнай паліцыяй, але не вельмі прыемна, калі такое сямейнае гора робіцца вядомым усім. Да таго ж гэта марнаванне грошай, бо, думаю, вы не зможаце адшукаць гэтага Хосмера Энджэла.
– Наадварот, – спакойна адказаў Холмс. – У мяне ёсць усе падставы думаць, што ў гэтым я дасягну поспеху.
Містэр Віндыбэнк моцна здрыгануўся і выпусціў пальчаткі з рук.
– Рады гэта чуць, – сказаў ён.
– Цікавая штука, – заўважыў Холмс. – Шрыфт друкаркі настолькі ж індывідуальны, як чалавечы почырк. Калі выключыць выпадак, што машынкі цалкам новыя, вы не знойдзеце дзвюх, якія друкавалі б аднолькава. Адны літары зношваюцца болей за астатнія, другія – толькі з аднаго боку. У вашым лісце, містэр Віндыбэнк, усе літары «е» расплываюцца, а ў літараў «р» кепска фарбуецца ніжняя частка. Ёсць яшчэ чатырнаццаць іншых прыкметаў, але гэтыя дзве найбольш відавочныя.
– У нашай канторы на гэтай друкарцы пішуцца ўсе лісты, безумоўна, яна крыху знасілася, – адказаў наш госць, уважліва гледзячы на Холмса вузкімі светлымі вачыма.
– А цяпер, містэр Віндыбэнк, – казаў Холмс далей, – я пакажу вам нешта сапраўды цікавае. Я збіраюся напісаць невялічкую манаграфію пра тое, як друкаркі дапамагаюць здзяйсняць злачынствы. Звярніце, калі ласка, увагу… У мяне тут чатыры лісты, дасланыя, як заяўлена, зніклым містэрам Энджэлам. Усе яны напісаныя на друкарцы. І што мы тут бачым? Не толькі расплывістыя «е», не толькі непрафарбаваныя «р». Калі вы скарыстаецеся маёй лупаю, то ўбачыце, што тут прысутнічаюць і астатнія чатырнаццаць прыкметаў, пра якія я згадваў.
Містэр Віндыбэнк ускочыў з крэсла і схапіў цыліндр.
– Я не магу марнаваць час на такія дзіўныя размовы, містэр Холмс, – сказаў ён. – Калі вы можаце злавіць таго чалавека, то злавіце і, калі ласка, паведаміце мне, калі гэта адбудзецца.
– Абавязкова, – адказаў Холмс, робячы крок да дзвярэй і замыкаючы іх на ключ. – Паведамляю: я яго злавіў!
– Што? Як?! – ускрыкнуў містэр Віндыбэнк, збялеўшы як палатно і спалохана азіраючыся, нібыта звер, загнаны ў пастку.
– О, не трэба так, праўда не трэба, – ветліва прамовіў Холмс. – У вас не атрымаецца выкруціцца, містэр Віндыбэнк. Усё, што адбылося, больш чым празрыста, і вы зрабілі мне вельмі кепскі камплімент, сказаўшы, што я не змагу вырашыць такую простую праблему. Вось такія справы. Сядайце і давайце ўсё гэта абмяркуем.
Госць паваліўся на крэсла, смяротна бледны, з кропелькамі поту на ілбе.
– Я… не з-зрабіў нічога незаконнага, – заікаючыся, сказаў ён.
– Так, вельмі баюся, што гэта праўда. Але паміж намі, містэр Віндыбэнк, гэта быў самы жорсткі, эгаістычны і бяздушны фокус – безумоўна, у вашай вагавой катэгорыі, – які я калі-небудзь бачыў. Дазвольце мне прабегчыся па падзеях і папраўце, калі я раптам памылюся.
Віндыбэнк скурчыўся на крэсле, апусціўшы галаву на грудзі, відавочна, цалкам знішчаны. Холмс паклаў