Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік). Артур Конан Дойл
адбылося сёння раніцай, іначай пляма на пальцы не была б такой выразнай. Карацей, усё гэта забаўна, хоць і вельмі проста, Ўотсан, але варта вярнуцца да справы. Не маглі б вы зачытаць мне апісанне містэра Хосмера Энджэла, змешчанае ў абвестцы пра знікненне?
Я паднёс да святла вузкую палоску паперы.
«ЗГУБІЎСЯ, – гаварылася ў нататцы, – раніцай 14-га джэнтльмен на імя Хосмер Энджэл. Рост – прыкладна пяць футаў і сем цаляў, целасклад моцны, колер твару жаўтаваты, валасы чорныя, густыя, з невялікай пралысінай на макаўцы, чорныя вусы і бакенбарды. Цёмныя акуляры, лёгкая няправільнасць вымаўлення. Калі яго бачылі апошні раз, быў апрануты ў абшыты шоўкам чорны сурдут, чорную камізэльку з альбертаўскім ланцужком* і нагавіцы з харыскага цвіду* з карычневымі крагамі паўзверх «кангрэсаў»*. Вядома, што працаваў у канторы на Лідэнхал-стрыт. Калі хто-небудзь мае звесткі…»
– Дастаткова, – перапыніў мяне Холмс і, слізгаючы позіркам па лістах, дадаў: – А лісты вельмі банальныя, у іх няма нічога, што паведаміла б нам пра містэра Энджэла, апроч таго, што аднойчы ён працытаваў Бальзака. Зрэшты, ёсць адна асаблівасць, якая, несумненна, кінецца вам у вочы…
– Яны напісаныя на друкарцы, – адзначыў я.
– Не толькі самі лісты – нават подпіс надрукаваны. Паглядзіце на гэтае акуратнае «Хосмер Энджэл» унізе. Яшчэ тут дата, але ніякага адрасу, апроч Лідэнхал-стрыт, а гэта даволі цьмяна. І вось гэтая дэталь выклікае вельмі пэўныя здагадкі, я б нават назваў яе вырашальнай.
– У чым?
– Дружа, толькі не кажыце мне, што вы не бачыце, як цесна гэта звязана з разгадкаю.
– Не ўпэўнены… хіба што ён хацеў, каб у яго была магчымасць не прызнаць свой подпіс, калі будзе распачатая справа пра нявыкананыя абавязанні.
– Не, рэч не ў тым. Карацей, зараз я напішу два лісты, якія ўсё вырашаць: першы ў адну кантору ў Сіці, а другі – айчыму маладой лэдзі, містэру Віндыбэнку, з просьбай прыйсці да нас заўтра а шостай. Нам жа варта паразмаўляць са сваякамі-мужчынамі юнай лэдзі… А пакуль адказы не прыйдуць, нам з вамі, доктар, рабіць няма чаго, таму на пэўны час мы можам адкласці нашую маленькую справу ў шуфляду.
Я так часта бачыў тонкую праніклівасць майго сябра, калі трэба было разважаць, і яго надзвычайную энергію, калі надыходзіў час дзейнічаць, што вырашыў: у Холмса важкія падставы для такой легкаважнай упэўненасці ў дачыненні да дзіўнай таямніцы, якую яго папрасілі раскрыць. Толькі аднойчы ён пацярпеў паразу – у скандале з каралём Багеміі і фатаграфіяй Ірэн Адлер. Але ўспамінаючы таямнічыя падзеі «Знаку чатырох» і дзіўныя абставіны «Эцюду ў пунсовым», я разумею, што клубок таямніцаў павінен быць сапраўды надзвычайным, каб яго не змог разблытаць Холмс.
Ён усё яшчэ пыхкаў сваёй люлькай з чорнай гліны, калі я сыходзіў ад яго, упэўнены, што калі наступнага вечару прыйду зноў, у ягоных руках ужо будуць усе ніткі, якія прывядуць нас да асобы зніклага жаніха міс Мэры Сазэрлэнд.
Уласныя