Коннік без галавы. Майн Рыд
Пойндэкстэр апярэдзіў усіх і па-сяброўску прывітаўся з мустангерам. Луіза абмянялася з Морысам толькі лёгкім паклонам. Аказаць больш увагі гандляру коньмі, нават калі лічыць, што ён быў удастоены гонару знаёмства з ёю, яна не адважылася, бо наўрад ці гэта спадабалася б прысутным.
З усіх дам адна толькі жонка маёра павіталася з мустангерам дружалюбна, але гэта было зроблена звысоку, і ў тоне яе чулася паблажлівасць. Затое ён быў узнагароджаны быстрым і выразным позіркам маладой крэолкі.
Зрэшты, прыхільнасць праглядвала ў позірку не толькі адной Луізы. Нягледзячы на зашпілены касцюм, мустангер быў вельмі прыгожы з сябе. Доўгі шлях як быццам не стаміў яго. Стэпавы вецер разрумяніў твар маладога ірландца; моцная, бронзавая ад загару шыя падкрэслівала мужную прыгажосць юнака. Ва ўсёй яго стройнай постаці адчуваліся незвычайная вынослівасць і сіла. He адна пара жаночых вачэй крадком глядзела на яго, імкнучыся злавіць яго позірк. Прывабная пляменніца інтэнданта зачаравана ўсміхалася яму. Казалі, што і жонка інтэнданта паглядвала на яго, але гэта, відаць, быў толькі паклёп, які ішоў ад жонкі доктара, вядомай у форте пляткаркі.
– Няма сумнення, – сказаў Пойндэкстэр, агледзеўшы злоўленага мустанга, – што гэта іменна той конь, пра якога мне гаварыў Зеб Стумп.
– Так, ён і ёсць той самы, – адказаў стары паляўнічы, падыходзячы да Морыса, каб дапамагчы яму. – Правільна, містэр Пойндэкстэр, гэта той самы конь. Хлопец злавіў Яго раней, чым я паспеў прыехаць да яго. Добра, што я падаспеў у час: канёк, бадай што, мог трапіць у іншыя рукі, а гэта засмуціла б міс Луізу.
– Гэта так, містэр Стумп. Вы вельмі ўважлівы да мяне. Праўда, не ведаю, ці змагу я калі-небудзь аддзякаваць вам за вашу дабрату, – сказала Луіза.
– «Аддзякаваць!» Вы хочаце сказаць, што жадалі б зрабіць мне што-небудзь прыемнае? Гэта вам няцяжка, міс. Я ж нічога асаблівага і не зрабіў – праехаўся па прэрыі, вось і ўсё. А палюбавацца на такую красуню, як вы, ды яшчэ ў капелюшы з пяром і ў спадніцы з доўгім хвастом, які развяваецца ззаду вас, вярхом на гэтай кабыле, – за такую плату Зеб Стумп пагадзіўся б прабегчыся да самых Скалістых гор і назад!
– О містэр Стумп, які вы непапраўны ліслівец! Паглядзіце вакол, і вы знойдзеце многіх, якія больш за мяне дастойны вашых кампліментаў.
– Добра, добра! – адказаў Зеб, кінуўшы рассеяны позірк на дам. – Я згодны, што тут шмат красунь – чорт пабяры, шмат красунь! Але, як казалі ў нас у Луізіяне, Луіза Пойндэкстэр толькі адна.
Выбух смеху, у якім можна было распазнаць толькі нямнога жаночых галасоў, быў адказам на галантную прамову Зеба.
– Я вам вінаваты дзвесце долараў за гэтага каня, – сказаў плантатар, звяртаючыся да Морыса і паказваючы на крапчастага мустанга. – Здаецца, аб такой суме дамаўляўся з вамі містэр Стумп?
– Я не ўдзельнічаў у гэтай здзелцы, – адказаў мустангер, шматзначна, але прыязна ўсміхаючыся. – Я не магу ўзяць вашых грошай. Гэты конь не прадаецца.
– На самай справе? – сказаў Пойндэкстэр, адступаючы