Коннік без галавы. Майн Рыд
якія здаваліся мне прыгожымі, і мая жонка была нябрыдкай, калі я яе ўпершыню сустрэў у Кентукі,– усё гэта так. Але я скажу вось што, міс Луіза: калі ўзяць усю іх прыгажосць і злучыць у адно, то ўсё роўна не атрымаецца і тысячай часткі такога анёла, як вы.
– Ай-яй-яй, містэр Стумп, містэр Стумп, ад вас я гэтага не чакала! Як відаць, Тэхас навучыў вас гаварыць кампліменты. Калі вы будзеце працягваць у тым жа духу, баюся, вы пазбавіцеся сваёй рэпутацыі праўдзівага чалавека. Цяпер я ўжо зусім упэўнена, што вам неабходна як след выпіць… Хутчэй, Фларында!.. Вы, здаецца, сказалі, што аддаяце перавагу віскі?
– Калі я і не сказаў, то, ва ўсякім выпадку, падумаў, а гэта амаль адно і тое ж. Так, міс, я аддаю перавагу вашаму айчыннаму напітку перад усімі замежнымі і ніколі не прайду міма яго, калі толькі ўбачу. У гэтым Тэхас мяне не перарабіў.
– Маса Стумп, падаць вам вады, каб разбавіць? – спытала Фларында, з’явіўшыся са шклянкай, напалову запоўненай віскі.
– Што ты, галубка! Нашто мне вада? Яна мне надакучыла за сённяшні дзень. З самага ранку ў мяне ў роце не было ні кроплі віна, нават паху не чуў.
– Дарагі містэр Стумп, але ж віскі нельга так піць – яно апячэ вам горла. Вазьміце крыху мёду і цукру.
– Нашто ж пераводзіць дабро, міс! Віскі – цудоўны напітак і без гэтых зёлкаў, асабліва пасля таго, як вы на яго глянулі. Зараз убачыце, ці магу я піць яго неразведзеным. Давайце паспрабуем!
Стары паляўнічы паднёс шклянку да губ і, зрабіўшы тры-чатыры глыткі, вярнуў яе Фларындзе пустой. Гучнае цмоканне амаль заглушыла міжвольныя воклічы здзіўлення, якія вырваліся ў маладой крэолкі і яе служанкі.
– Апячэ мне горла, вы сказалі? Ніколькі. Яно толькі прамыла мне глотку, і цяпер я магу размаўляць з вашым таткам адносна крапчастага мустанга.
– Ах да! А я зусім забыла… He, я не тое хацела сказаць… Я проста думала, што вы не паспелі яшчэ ні аб чым даведацца. Хіба ёсць якія-небудзь навіны аб гэтым прыгажуне?
– Прыгажуне – гэта правільна сказана.
– Вы чулі што-небудзь новае пра гэтага мустанга, пасля таго як былі ў нас?
– He толькі чуў, але бачыў яго і нават рукамі кранаў.
– Няўжо?
– Мустанг злоўлены.
– Праўда? Якая цудоўная навіна! Як я рада, што ўбачу гэтага прыгажуна, і як добра будзе праехацца на ім! З той пары як я ў Тэхасе, у мяне не было ні аднаго добрага каня. Бацька абяцаў мне купіць гэтага мустанга за любую цану. Але хто той шчаслівец, якому ўдалося дагнаць яго?
– Вы пытаеце, хто злавіў канька?
– Так-так! Хто ж?
– Ну канешне, мустангер.
– Мустангер?
– I такі, які і вярхом ездзіць, і ласо кідае лепш за ўсіх у тутэйшай прэрыі. А яшчэ хваляць мексіканцаў. Ніколі я не бачыў ні аднаго мексіканца, які так спрытна ўпраўляўся б з коньмі, як гэты хлопец, а ў ім жа няма ні кроплі мексіканскай крыві – ручаюся галавой!
– А як яго завуць?
– Як яго завуць? Прызнаюся, што прозвішча яго я ніколі не чуў, а імя яго – Морыс. Яго