Коннік без галавы. Майн Рыд
звярнуўся маёр да навакольных. – Гэта варта паглядзець, асабліва тым, хто яшчэ не бачыў падобнага відовішча… А ну, Морыс, садзіся на яго і пакажы, на што здольныя наезнікі прэрый. Мяркуючы па яе выгляду, вас чакае нялёгкая задача.
– Ваша праўда, маёр, задача сапраўды не з лёгкіх! – адказаў мустангер, кінуўшы быстры позірк, але не на чатырохногую палонніцу, а на маладую крэолку.
Сабраўшы ўсе свае сілы, каб не выдаць сябе, дзяўчына з дрыжаннем адступіла назад і схавалася ў натоўпе гасцей.
– Нічога, Морыс, нічога! – працягваў маёр супакойлівым тонам. – Хоць вочы яе і гараць агнём, б'юся аб заклад, што вы выб’еце з яе дурасць. Паспрабуйце!
He прыняць прапанову маёра мустангер не мог – яму не дазваляла прафесійная гордасць. Гэта быў вызаў яго лоўкасці, майстэрству наезніка: заваяваць прызнанне ў прэрыях Тэхаса не так лёгка.
Морыс выказаў згоду тым, што спрытна саскочыў з сядла і, перадаўшы павады Зебу Стумпу, падышоў да крапчастага мустанга.
Малады паляўнічы не стаў траціць часу на якія-небудзь рыхтаванні, ён толькі папрасіў ачысціць месца. Гэта было выканана імгненна: большая частка гасцей, у тым ліку ўсе дамы, вярнуліся на асатэю.
Морыс Джэральд ускочыў на спіну мустанга толькі з кавалкам ласо ў руках, якое ён накінуў пятлёй на яго ніжнюю сківіцу і зацягнуў на галаве ў выглядзе аброці.
Упершыню дзікі конь адчуў на сабе чалавека, у першы раз яму была нанесена падобная абраза.
Пранізлівае злоснае ржанне было яўным пратэстам супраць замаху на свабоду.
Конь стаў на дыбы і некалькі секунд захоўваў раўнавагу ў гэтым становішчы. Коннік не разгубіўся і абхапіў яго шыю абедзвюма рукамі. З сілай сціскаючы яго горла, ён шчыльна прыпаў да каня. He зрабі ён гэтага, мустанг мог бы кінуцца на спіну і раздавіць пад сабой седака.
Пасля гэтага мустанг пачаў біць задам – прыём, які заўсёды ўжываюць у падобных выпадках дзікія коні. Гэта паставіла конніка ў асабліва цяжкае становішча: ён рызыкаваў быць скінутым. Упэўнены ў сваёй спрытнасці, мустангер адмовіўся ад сядла і страмёнаў, а зараз яны вельмі б яму дапамаглі; але ўтаймаваць асядланага каня не палічылі б у прэрыі за подзвіг.
Ён справіўся і так. Калі конь стаў біць задам, мустангер хутка перавярнуўся на яго спіне, рукамі абхапіў яго за бакі і, упершыся пальцамі ног у яго лапаткі, не даў сябе скінуць.
Два ці тры разы паўтарыў мустанг гэту спробу, але кожны раз вымушаны быў уступіць спрыту наезніка. I нарэшце, нібы зразумеўшы дарэмнасць сваіх намаганняў, раз’юшаны конь перастаў брыкацца і, сарваўшыся з месца, памчаўся такім галопам, нібы збіраўся занесці конніка на край свету. Недзе гэта скачка павінна была скончыцца, але толькі па-за полем зроку тых, хто сабраўся на асатэі, чакаючы вяртання мустангера. Многія выказвалі меркаванні, што ён можа быць забіты ці па крайняй меры знявечаны. Сярод прысутных адзін чалавек тайна жадаў гэтага, а для другога гэта было амаль раўназначна ўласнай смерці. Чаму Луіза Пойндэкстэр, дачка гордага луізіянскага плантатара,