Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката (зборнік). Наталка Харытанюк
не дачакаўся Ліны. Прастаяўшы дзве гадзіны пад мокрымі дрэвамі на скрыжаванні, ён перадаў дзяжурства малодшаму лейтэнанту Карпуку і спусціўся ў кавярню Ронда выпіць кавы.
У кавярні, куды час ад часу спускаўся маёр Вайтовіч, стаяла глухая цішыня, і зялёныя лямпы адкідалі цені наведвальнікаў на ўсе чатыры сцяны адразу. Маёр Вайтовіч замружыў вочы.
Стол, за які ён любіў сядаць, стаяў пад адзіным ва ўсёй кавярні акном. Ускрай неба, бачны з гэтага акна, прыемна супакойваў. Маёру здалося нават, што нарэшце ён ад усіх схаваўся. Што ён знік. Счэз. Стаў незаўважным.
Маёр задаволена адкінуўся на спінку фатэля, упэўнены, што ўжо тут – сам-насам са сваімі ценямі – ён у поўнай бяспецы, і заснуў. Гэта значыла, што ён сапраўды забыўся.
А дарма.
Маёру сніўся – каторы ўжо раз – стары і пакутлівы сон: светлая зімовая раніца, Ліна, што перакідвае расцяжку праз дрот, здзіўленыя ўздыхі мінакоў. І ўсё гэта нечакана – са сну ў сон – перабівае пранізлівы, да болю знаёмы скрыгат колаў за паваротам.
За імгненне да з’яўлення патруля маёр у сне паспявае вырваць Ліну з гэтага кадра: ён хапае яе за руку і цягне за сабой завулкамі. Яны бягуць, як гэта магчыма толькі ў сне, павольна, у мёртвай цішыні: маёр наперадзе, Ліна – за ім. Яны бягуць не задыхаючыся. Яе рука – мяккая і прахалодная – у яго гарачай і моцнай далоні. Маёр не хоча прачынацца – яму сніцца, як Ліна цёпла дыхае зусім побач. Ён адчувае фантастычны водар яе духоў – дзёрзкі і рашучы. І раптам – яе мяккая рука выслізгвае з яго моцнай далоні. Што гэта? Маёр паварочваецца, глядзіць разгублена на Ліну – а гэта не яна.
– Я б на тваім мейсцы не паварочваўся, – кажа маёру хлопчык гадоў пятнаццаці, схіліўшыся, разам з усімі сваімі ценямі, над маёрам і нешта выглядаючы ў яго вачах.
– А чаму ты падслухоўваеш мой сон? – раздражнёна пытае маёр, сілячыся прыгадаць водар духоў Ліны ў сне.
– А чаму ты азіраешся? – з дакорам пытае хлопец і моцна трэ сабе вочы. Маёру здаецца аднекуль знаёмым гэты гэст, але спрасоння ён не можа прыгадаць – адкуль.
Іх перапыняюць сігналы па рацыі.
– Не адказвай, – патрабуе хлопчык, адводзячы далоні ад сваіх вачэй, і маёр з жахам разумее, што вачніцы ў хлопчыка – пустыя.
– Хіба я магу? – нерашуча адводзіць маёр вочы, і хлопчык зноў знікае сярод ценяў кавярні.
У гэты час Ліна ўжо дабралася з тканінай і фарбай у незнаёмую кватэру. Кватэра была пустая і халодная. На сцяне самотна тахкаў гадзіннік, вокны выходзілі на зграбны стары польскі дворык. Ліна шчыльна захінула фіранкі.
Перад тым як брацца за працу, яна згатавала сабе кавы. На шырокім падрапаным падвоканні ляжала некалькі кніг – Ліна выцягнула самую маленькую – Керуака – і села пачытаць.
“Развітанне, – сумна ўсміхалася яна, прачытаўшы некалькі першых старонак пра тое, як герой Керуака выпраўляецца з дому, – тут нельга марудзіць і разважаць”. Ліна схавала кнігу ў расшытую і абвешаную пасачкамі торбу, распакавала фарбу і задуменна правяла рукой па гладкай чорнай тканіне.
Расцяжка