Джульета і экстрасэнс (зборнік). Таццяна Мушынская
за рэдкім выключэннем, не хапае меладычнага дару. Стварыць мелодыю, якой раней ніколі не існавала на свеце, – усё роўна, што дзіця нарадзіць. I колькі ні разважаюць крытыкі пра асаблівасці сучаснай музычнай мовы (маўляў, развіты меладызм – прыкмета музыкі XIX стагоддзя), такі дар альбо ёсць, альбо няма. I навучыцца яму немагчыма.
Дык вось, Надзя баялася слухаць ягоную музыку. Аднойчы вечарам, калі ў кватэры нікога не было, яна прымусіла сябе начапіць навушнікі і націснуць кнопку музычнага цэнтра.
Музыка скончылася. Спявачка сядзела агаломшаная. Толькі цяпер усвядоміла, з кім пад ручку шпацыравала па вечаровых вуліцах, а час ад часу нават і цалавалася. Як прафесіянал яна разумела, што праз дзесяць-дваццаць гадоў гэтыя сачыненні, якія цяпер мала хто ведае, магчыма, будуць лічыцца класікай, іх будуць іграць у канцэртных залах, вывучаць у музычных школах і ўключаць у фонахрэстаматыі.
Спевакі, нават лепшыя – усяго толькі інтэрпрэтатары нейчай музыкі. Пасрэднікі паміж аўтарам і публікай. Але самі артысты не сачыняюць. Пачуўшы ягоную музыку, як магла ставіцца Надзя да аўтара? І так зразумела – малітоўна! «Ты, Моцарт, Бог, и сам того не знаешь…», – як пісаў Пушкін. Але чалавек знешне стрыманы і досыць замкнёны, усіх сваіх ацэнак не выказвала. Экзальтаваныя паклонніцы, якія абагаўлялі чарговага куміра і з заміраннем сэрца зазіралі ў вочы, выклікалі ў Надзі іранічную ўсмешку. У дадатак ёй здавалася, што калі яна будзе выказваць нястрыманае захапленне, дык будзе выглядаць як эмацыянальная правінцыялка. Смешная, а ў дадатак залежная.
Надышоў ліпень. У Надзі пачаўся адпачынак. I яны з Маэстра часта з’язджалі за горад. Далей ад гарадскога тлуму.
Спыніліся на ўскраіне лесу, там, дзе скончыўся сасновы гушчар і раскідзістыя дрэвы стаялі на высокім беразе ракі. Вецер паціху гойдае вершаліны соснаў, настойліва і манатонна гудуць пчолы. Пахне разагрэтай за дзень сасновай смалой. Маэстра ляжыць у высокай траве, падклаўшы рукі пад галаву, і пра штосьці думае, а Надзя ціха напявае і збірае пад дрэвамі буйныя і спелыя чырвоныя суніцы. Ягады рассыпаны густа-густа ў нагрэтай за дзень траве. Такога багацця, ды яшчэ на адной паляне, яна не бачыла ніколі ў жыцці! Нікім не адкрыты, не стаптаны кавалачак зямлі. Абедзве далоні поўныя чырвоных спелых і духмяных ягад. Таму Надзя вяртаецца да Маэстра, становіцца побач на калені.
– Адкрывай рот – усыплю. А то як пачнем перасыпаць з рук у рукі, толькі падушым.
Ён сядзіць у траве, трымаючы ў роце нейкую былінку, і пазірае на Надзю.
– Ну што ты глядзіш? Не глядзі – не ўганяй у чырвань…
Тут, сярод лясной цішыні, удалечыні ад гарадскога тлуму, Маэстра бачыць Надзю нібы ўпершыню. Яму падабаецца і яе вясёлая летняя майка, што не закрывае прыгожыя рукі і такую ж прыгожую шыю, і гэткая ж вясёлая спадніца. Яе доўгія цёмныя валасы, калі села побач, раскруціліся, разбегліся, як вадаспад. Яму падабаюцца Надзіны далоні, якія пахнуць суніцамі. Хіба можна ўстрымацца, каб іх не пацалаваць? Надзіны вусны таксама пахнуць суніцамі. Гарачая хваля жадання нібы ўзнімаецца аднекуль з глыбіні душы, і няма сілы, якая б магла перамагчы