Джульета і экстрасэнс (зборнік). Таццяна Мушынская
паглядзеў на былую жонку:
– Слухай, а ў цябе хто-небудзь ёсць?
«Яшчэ адзін аргумент за тое, што там не проста кепска, а зусім кепска. Па-мойму, ён ужо гатовы выкінуць белы сцяг! Але нашто ён мне патрэбен? Успомніў, калі жыццё прыціснула? Адтуль гатовы збегчы, толькі запаснога аэрадрома не мае, каб ажыццявіць пасадку…»
– А чаму ты спытаў? – сказала Надзя першае, што прыйшло ў галаву, каб крыху адцягнуць час.
– Гляджу, ты змянілася. Папрыгажэла…
Надзя адчула, што пачынае чырванець пад ягоным позіркам.
– Можа, і кампліменцікі пачую…
– Ты не адказала на пытанне! – голас Алега прагучаў амаль патрабавальна.
Надзя вельмі не хацела, каб былы муж ведаў штосьці пра яе асабістае жыццё. Таямніца, абгавораная ўсімі, пераставала быць ёю. Але яго настойлівасць, а дакладней, нахабства, яе абурылі:
– А ты мне расказваеш, хто і калі ў цябе з’явіўся? Следчы… Шэрлак Холмс! А табе – клопат?..
– Значыць, клопат. А калі грубіяніш, значыць, нехта ёсць. Іначай чаго агрызацца.
– Бач ты, псіхолаг! – Надзя адвярнулася да акна, каб Алег не мог ні пра што здагадацца па яе твары.
– А-а, чаго ты саромеешся! – уздыхнуў ён. – Справа жыцейская… Калі ў нас з табой песня не склалася, можа, з кім-небудзь іншым складзецца…
«Якая высакароднасць! – насмешліва падумала Надзя. – Нешта я такіх разважанняў раней не чула…»
– Ну, добра, Марыя Калас, Барбара Стрэйзанд і Рэната Тыбальдзі ў адной асобе. Я пайду. Але памятай, што яны непараўнальна лепш уладкаваліся ў жыцці, чым ты…
«Усё, што ты гаварыў апошнюю гадзіну, – думала яна, – на вайсковай мове называецца разведка боем. А наконт таго, як уладкавацца ў жыцці… Побач з кожнай спявачкай, якую ты назваў, былі людзі, якія іх любілі. І гатовы былі нечым ахвяраваць, каб ім было лягчэй і весялей жыць. Чамусьці раней увесь час ахвяраваць мусіла я…»
Надзі не хацелася, каб іх размова закончылася тэмай яе асабістага жыцця. І яна спытала:
– Алег, скажы: а на цябе часам не «наязджаюць»? У сувязі з бізнесам толькі пра гэта гавораць і пішуць…
– А чаму ж не! – скептычна ўсміхнуўся ён. – I на мяне «наязджалі», але толькі і я «наехаць» магу! – У ягоным твары з’явілася нешта нядобрае. – Галоўнае, сувязі трэба мець, з уплывовымі людзьмі кантакты мець. З любой бяды выцягнуць!
– Можа, ты, новы беларус, і з крыміналам сяброўства водзіш?
– Жанчына, ты замнога хочаш ведаць! – ухіліўся ад адказу Алег. – З крымінальнікамі, можа, і не важдаемся. Але не такія далікатныя і цнатлівыя, як так званая інтэлігенцыя! То націск не там зробіш, то пінжак не таго колеру апранеш!
– Раней ты сябе да інтэлігенцыі адносіў…
– Цяпер мяне ніхто пад гэтыя сцягі не зацягне. Я быў жабраком, а цяпер не хачу і не буду. А хто не ўмее прыстасавацца да новых умоў жыцця, таму застаюцца толькі ўзвышаныя прынцыпы ды размовы пра духоўнасць! XIX стагоддзе даўно мінула, ужо XX скончылася, а вы ўсё тыя ж казкі