Джульета і экстрасэнс (зборнік). Таццяна Мушынская

Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская


Скачать книгу
Надзя вярнулася з невялікіх гастроляў, у запасе меліся грошы, і можна было не баяцца, што ў вучэльні або філармоніі своечасова не выдадуць зарплату.

      Вядома, лепей выконваць твор тады, калі канцэртмайстар сядзіць за раялем, іграе, а артыстка спявае. Але ў той дзень у Ірачкі ніяк не атрымлівалася прыйсці на рэпетыцыю. Таму Надзя сама села за фартэпіяна. Тым больш, што паказ чарнавы. На пюпітры стаялі раскрытыя ноты. Маэстра прысеў побач. Яна збіралася заспяваць першы раманс, таму зірнула на кампазітара, каб адчуць яго настрой і зразумець, пачынаць ці не. Ці гатовы ён слухаць? «Чаму раней я не заўважала гэты амаль рымскі профіль? I графічную выразнасць рыс яго твару таксама не бачыла?» – мільганула ў яе думках.

      Сёння яго твар быў не такі, як Надзя прызвычаілася бачыць. Што было іншае? Напэўна, позірк. Прачытала ў ім захапленне і яшчэ штосьці, што не змагла вызначыць словам. Гэтае «штосьці» яе напужала. Сэрца ёкнула. Трэба пачынаць, паўза відавочна зацягвалася. Але, відаць, яго біяполе, якое Надзя ўпершыню адчула так блізка, аказалася мацнейшае за яе. Кажуць, у самалёта, які нечакана трапляе ў зону ўздзеяння НЛА, перастаюць працаваць прыборы, іх зашкальвае, і разгублены лётчык не можа як след кіраваць машынай. Так і тэксты твораў, якія Надзя збіралася спяваць, імгненна вылецелі з галавы.

      Напэўна, усё доўжылася пэўныя долі секунды. Яна адчула, што далейшае развіццё падзей непрадказальнае. Так яны нічога не зробяць! Але здавацца адразу было нельга. Надзя паспрабавала супраціўляцца. I, не гледзячы яму ў вочы, ціха сказала:

      – Вы мяне збіваеце з патрэбнага настрою. Я не магу так спяваць. Пераключыце, калі ласка, хвалю…

      Ён засмяяўся. Напэўна, ад нечаканасці яе параўнанняў:

      – Добра, добра!

      Яна заспявала першы раманс. Спакваля адчула, што зрабілася лягчэй. Сапраўды, тыя хвалі да яе больш не даляталі. Захапіліся працай і ўжо не зважалі, як ляцеў час. Удакладнялі, змянялі, спрабавалі безліч розных варыянтаў. Але той позірк і той выраз на ягоным твары больш не з’яўляліся. Можа, яно і лепей?..

      Частка пятая

      Вясна

      Знаёмыя і калегі часцей пачалі гаварыць Надзі, што яна папрыгажэла. Сапраўды, жанчына змяніла прычоску, пашыла новую канцэртную сукенку ды ператрэсла ўвесь гардэроб, жахнуўшыся пры гэтым: усё безнадзейна састарэла!

      У вучэльні таксама заўважылі, што яна змянілася. У вачах часцей узнікаў малады бляск. Надзя нібы забылася, што ёй за трыццаць, здавалася, васямнаццаць, яна – дзяўчына, студэнтка. І рэчаіснасць вакол такая бестурботная, прывабна-цудоўная, і кожная нязначная драбяза сведчыць, што наперадзе чакае шчасце. Здавалася: нібы пасля доўгай нуднай зімы, з шэра-рудым месівам снегу на вуліцах, нарэшце прыйшла вясна. Нібы памылі і ўпершыню адчынілі пасля зімы вокны, і ў затхлы пакой уварваўся халодны, зябкі, але салодкі сваёй свежасцю вецер. Змены ў душы адбываліся пакрысе, яна, напэўна, іх не заўважала. Адчувала, што ёй добра, а чаму, і сама не разумела. У глыбіні душы жыла радасць.

      Маэстра прыемна вылучаўся з Надзіных


Скачать книгу