Джульета і экстрасэнс (зборнік). Таццяна Мушынская

Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская


Скачать книгу
здарылася так, што Алесік захварэў, яго не было з кім пакінуць, і Надзя была вымушана тэрмінова адмяніць уласнае выступленне толькі таму, што Алег швэндаўся невядома дзе. Бацьку не цікавіла, здаровае яго дзіця ці хварэе. Тут Надзіны нервы не вытрымалі, і яна выплюхнула на Алега ўсё, што віравала ў яе душы апошнім часам.

      Той моўчкі выслухаў, а потым пачаў рагатаць:

      – Слухай, а можа, ты раўнуеш? Наконт гэтага ты не хвалюйся, у нас выключна мужчынская кампанія!

      – Яшчэ цікавей!

      – Я не тое меў на ўвазе… – і Алег пачаў з захапленнем распавядаць пра свае грандыёзныя планы ў галіне шоу-бізнесу. – Я табе па сакрэце сказаў, нават не ўсім кампаньёнам такую закрытую інфармацыю давяраю! – Вочы яго літаральна гарэлі.– Надзька, якія тут грошы круцяцца!

      «Эх, Алег, чаму ў цябе так вочы не гараць, калі ты на сцэну з мікрафонам выходзіш?» – з сумам думала Надзя, гледзячы яму ў твар.

      Напэўна, Алег спадзяваўся, што ў іх сумесным жыцці яшчэ нешта склеіцца і наладзіцца.

      – Кідай ты сваіх класікаў! Колькі можна іх спяваць! Ніякага наедку з іх няма… Давай да нас. Спачатку цяжка будзе на эстрадны стыль перайсці, а потым уцягнешся.

      «Ага, якраз! Напаўапранутая, напаўраспранутая, буду разам з тваімі дзявулямі з кабарэ нагамі махаць! – падумала сама сабе Надзя, але ўголас нічога не сказала. – Не, не можа ён змяніцца. I не збіраецца… Гэта ягоная стыхія, і тут ён будзе заўсёды адчуваць сябе прывольна».

      Яе маўчанне Алег, відаць, успрыняў як роздум і працягваў угаворваць:

      – А можа, ты пойдзеш да мяне адміністратарам? Не памятаю, казаў ці не, што ствараю фірму, звязаную з арганізацыяй эстрадных канцэртаў і фестываляў. А яшчэ кліпы, выпуск дыскаў! Знайшліся людзі, якія пад такую справу вялікія грошы даюць. Хутка я для ўсіх спевакоў буду лепшым сябрам. У чаргу будуць станавіцца, каб на прыём да мяне трапіць… – Алег задаволена ўсміхнуўся.

      – Ну, не пераскочыў – не кажы гоп! – сцішыла яго імпэт Надзя. – А ты не думаеш, што для адміністратара фірмы занадта мець кансерваторскую адукацыю?

      – А ты не мяняешся! Хто кансерваторыю скончыў, усе такія – адна толькі пыха, амбіцыі і пагарда. «Ах, гэта не класіка, гэта – масавая культура!» – высокім тонкім галаском перадражніў Алег, і даволі ўдала, музыказнаўцу, іх агульную знаёмую.

      Надзя ледзь не засмяялася.

      – Ну, як сабе хочаш! Пераконваць больш не буду. Ты не разумееш, куды жыццё ідзе. Я спрабую табе патлумачыць, а ты ўпарцішся…

      Пакуль Алег гаварыў, Надзя ўважліва на яго пазірала. Ці то паўплывала наяўнасць грошай у кішэні, а значыць, і смачных прадуктаў у прывабных замежных абгортках, якія ўсё часцей пачалі з’яўляцца ў іх доме, ці то надта мітуслівае жыццё, але Алег пачаў хутка папраўляцца, рабіцца рыхлым і азызлым. Гледзячы на яго, Надзі цяжка было згадаць высокага хударлявага юнака, з якім калісьці вучылася разам, які з радасцю дарыў ёй кветкі пасля выступленняў. Некалі разам яны хадзілі на канцэрты і спектаклі, а потым яшчэ паўночы абмяркоўвалі ўбачанае і пачутае.


Скачать книгу