Джульета і экстрасэнс (зборнік). Таццяна Мушынская
жанчынай у кватэры заўсёды прысутнічае ўтульнасць і душэўнае цяпло. Дый пад’есці пасля дарогі чаго-небудзь больш істотнага не пашкодзіла б…
Мікола знайшоў у дарожнай сумцы некалькі бутэрбродаў, абачліва ўзятых у дарогу, выпіў шклянку гарачай гарбаты і лёг. Заснуў імгненна, ледзь дакрануўшыся да падушкі. Праспаў дванаццаць гадзін і, відаць, спаў бы далей, калі б сонечны прамень, які паціху рухаўся па пакоі, не дабраўся нарэшце да ягонага твару.
Мастак адкрыў вочы і не адразу зразумеў, дзе знаходзіцца. Бо за два тыдні прызвычаіўся да іншай столі, малюнка шпалераў і іншага інтэр’ера. Стома апала, растала разам з начной цемрай. Ён не хацеў уставаць, толькі пасунуўся на канапе, каб сонца не сляпіла вочы. Дарма з вечара не зацягнуў шторы.
На душы панавала радасць.
Чаму? Мікола перабіраў у памяці падзеі ўчарашняга дня – ранішнія зборы, апошнія гутаркі з мастакамі, абмен адрасамі. Потым дарога назад і восеньскія палі абапал шашы… А-а, вось ён і ўспомніў, што грэла душу, поўніла яе зіхатлівым, звонкім шчасцем, – аддаленая перспектыва яго персанальных выстаў у Балгарыі і Грэцыі.
З новымі сябрамі, таленавітымі і ўплывовымі мастакамі, яны абмяркоўвалі асаблівасці выставачных залаў у розных гарадах, магчымую колькасць работ, іх стылёвую скіраванасць, жанры, якім варта аддаць перавагу. У глядацкім успрыманні ўсё павінна быць улічана. Расчулены высокай ацэнкай яго творчасці, Мікола падараваў новым сябрам па ўласнай рабоце.
Цудоўна! Ён ізноў убачыць любімую Грэцыю, куды яны з Алай ужо траплялі два гады таму. Тады былі ўсяго турыстамі, падарожнікамі, а таму прыватнымі асобамі. Цяпер усё будзе ўспрымацца іначай…
Перспектыва новых выставаў заўжды акрыляла. Мікола не любіў вазіць у розныя гарады адны і тыя ж творы. Працяглае разгляданне ўласных карцін не толькі надакучвала, але і пачынала раздражняць. I адзіным выйсцем было пісаць новыя работы.
Мікола даўно заўважаў, што адносіны паміж мастаком і яго карцінамі дзіўныя і не заўсёды зразумелыя. У гэтых стасунках ёсць пэўная доля містыкі. Завершаны партрэт ці пейзаж, у які ён звычайна ўкладваў усе эмоцыі, на стадыі завяршэння часта выклікаў пачуцці, супрацьлеглыя захапленню – моцнае раздражненне, амаль агіду, а таксама ўсведамленне ўласнай нікчэмнасці. Бо ідэал, да якога ён рухаўся, зноў аказваўся недасяжны, як лінія гарызонту. Мікола нібы атручваўся чарговым творам і марыў хутчэй скончыць, адысці ад яго, каб займацца іншай карцінай.
Мінаў час, раздражненне знікала, і мастак разглядаў уласную карціну як твор невядомага аўтара. Самае дзіўнае, што партрэт ці пейзаж, аддзелены ад негатыўных эмоцый, часцей яму падабаўся. Нават дзівіўся, шчыра і непадробна, – няўжо ён гэта зрабіў?
У майстэрні перад вачыма ўвесь час віселі работы – свае і падораныя сябрамі. Тыя колеравыя плямы і спалучэнні, пластычны малюнак ліній былі для яго наталеннем смагі. Ён глядзеў і глядзеў – днямі, тыднямі, прагна, пільна, нібы ў твар каханай жанчыны. Не глядзеў, а піў асалоду. А калі адчуваў, што ніякія энергетычныя хвалі адтуль, з карціны, да яго больш не ідуць,