Джульета і экстрасэнс (зборнік). Таццяна Мушынская
маляўнічую мясціну, ён прыладжваўся з эцюднікам на ўскраіне лесу. На памяць часта прыходзілі ўспаміны маленства. Маладая маці, малады бацька… Шчаслівы, бесклапотны час! Маленькі Коля думаў, што ўзаемаадносіны блізкіх людзей падобныя на казку. Мама любіць тату, тата любіць маму, яны любяць Міколу, а Мікола – іх. I адчуванне агульнай любові, пяшчоты і замілавання рабіла хлопчыка шчаслівым і бараніла ад нягод.
Яшчэ падлеткам Мікола здагадаўся, што адносіны бацькоў далёкія ад ідыліі. Толькі яны старанна хаваюць тое, што яму ведаць не трэба. Аднойчы Мікола ўбачыў, як любімы і дарагі татка, на якога маці заўсёды глядзела з замілаваннем, размаўляў з чужой жанчынай. У яго аказаўся нечаканы выраз твару – цёплы і абаяльны. Такім сын бацьку ніколі не бачыў, бо дома той часцей выглядаў маўкліва-засяроджаным ці раздражнёным. І тады Мікола ведаў, што тата працуе і яго чапаць нельга. Сыну зрабілася крыўдна, што бацькаў голас, такі нечаканы і хвалюючы, адрасаваны не маці. I што яго прывабная ўсмешка таксама адрасавана не ёй…
Для Міколы тое ўражанне сталася ўдарам. Ён не мог сказаць маці пра сваё адкрыццё, бо здагадваўся, што зробіць ёй балюча. Ён перажываў, плакаў па начах, а то раптам падыходзіў да маці, лашчыўся, абдымаў яе без усялякай прычыны. Як быццам хацеў аддаць ёй тую ўвагу і пяшчоту, якую, на яго думку, не дадаваў бацька.
Праз некалькі гадоў Міколавы падазрэнні пацвердзіліся, калі ён убачыў надзвычай занятага бацьку ў горадзе, які не спяшаючыся, крочыў пад ручку з чужой жанчынай. Мікола не ведаў, як гэта называецца на дарослай мове – здрадай ці толькі жаданнем яе. Калі маці не аказвалася дома, бацьку нехта тэлефанаваў. Але штосьці ў тых званках выклікала сынаў пратэст. Ці ненатуральна вясёлы бацькаў голас, ці тое, што бацьку відавочна не падабалася прысутнасць Міколы ў пакоі? Але чаму ў яго павіны быць сакрэты ад сына і жонкі?..
Якімі рознымі выглядалі бацькі! Зух, прыгажун і гуляка, бацька часцей успрымаўся як герой. А маці, заўсёды прывязаная да дому і дзяцей, іх вечных хвароб і праблем, побач з ім на людзях выглядала Папялушкай, разгубленай і крыху недарэчнай, якая трапіла на баль, але перад тым чамусьці забылася пераапрануцца. Бацька здаваўся пераможцам, а маці зусім пазбаўленай свецкага бляску.
Два розныя стылі паводзін, два розныя стаўленні да жыцця… I дарослы, Мікола мусіў трымацца нейкай адной лініі – ці бацькавай, ці матчынай. Ён спачуваў маці, ён любіў яе, але яго мужчынская сутнасць не магла пагадзіцца з тым, што ён не-герой і не-пераможца. I непрыкметна для сябе выбраў бацькавы каштоўнасці.
Мікола не думаў, што пасля шматлікіх прыгод і сустрэч бацька ўсё адно вяртаўся да жонкі Веры, якая ўспрымалася як надзейная прыстань у бурлівым жыццёвым моры. Калі маці пачала цяжка хварэць, а потым і памерла, Мікола доўга не мог зразумець, чаму бацька адразу неяк абмяк і пастарэў. Сын не здагадваўся, што менавіта матчына захапленне рабіла з бацькі героя, якім ён здаваўся Колю.
Сам ён рана даведаўся пра таямніцу ўзаемаадносін мужчыны і жанчыны, але нельга