Marginalis. Кiрыл Стаселька
усё яшчэ не быў занесены ў бібліятэчныя каталогі Нясвіжскага палаца. Пра існаванне кнігі Леон даведаўся ад аднаго служачага, што працаваў у брата. Той не толькі займаўся працай у бібліятэцы Радзівілаў, але быў таксама кімсьці накшталт захавальніка кнігі. Пры жыцці Антонія Альбрэхта пра яе ведалі толькі яны двое. Леона падобныя акалічнасці здзівілі, і ён вырашыў падысці да вывучэння старажытнага рукапісу як мага больш грунтоўна, перш чым уносіць яго ў каталогі. З гэтай мэтай ён нават звязаўся з некаторымі еўрапейскімі даследчыкамі. Але і ў Леона рукапіс затрымаўся ненадоўга – усяго толькі на чатыры гады. Даследаванню так і не наканавана было адбыцца. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны, 17 верасня 1939 года Нясвіж быў заняты салдатамі Чырвонай арміі. Леон быў арыштаваны, і яго з сям’ёй вывезлі ў Маскву, а палац, што некалі быў адным з самых багатых і пышных у Еўропе, чарговы раз за ягоную гісторыю падверглі варварскаму рабаванню.
На кароткі час кніга трапіла ў рукі камкора Чырвонай арміі Аляксандра Міхайлавіча, які падараваў яе ў знак удзячнасці маскоўскаму навукоўцу Віктару Сямёнавічу, пад чыім кіраўніцтвам працаваў ягоны сын Юрый. Неўзабаве камкор быў прызнаны ворагам народа і расстраляны. Аляксандр стаў адным з многіх, хто памёр у хуткім часе пасля таго, як стаў уладальнікам старажытнай кнігі, таямніцу якой так ніхто яшчэ і не здолеў разгадаць. Ці была ў гэтым нейкая містыка або проста выпадковасць – вызначыць дакладна немагчыма.
III
Да заходу заставалася яшчэ гадзін пяць, але ён ужо чакаў Анастасію. Сёння была іх чарга рыць тунэль, і яны насуперак негалоснаму правілу збіраліся заняцца каханнем, перш чым узяцца за працу. Гэта было нават не столькі правілам, колькі лагічнай неабходнасцю: прадуктыўна займацца знясільваючай фізічнай працай пасля кахання было немагчыма. Немагчыма не толькі таму, што капаць тунэль справа не з лёгкіх, але перш за ўсё таму, што рабіць усё гэта даводзілася звычайнымі сталовымі прыборамі – відэльцамі і лыжкамі. Здабыць рыдлёўку ці іншы металічны прадмет, буйнейшы за лыжку, не было дзе.
За апошнія тры месяцы тунэль павялічыўся ў лепшым выпадку на некалькі метраў. Усё атрымалася б, магчыма, і раней, але ўмовы былі яшчэ тыя. Кожную ноч капалі хлопец у пары з дзяўчынай, каб сустрэчы не выклікалі падазрэнняў, а выглядалі як звычайныя наведванні з мэтай заняцца сэксам. Пачыналі пасля заходу, калі ўсе ўжо спалі.
Як правіла, хлопец капаў, накладваючы зямлю ў глыбокую талерку – самую глыбокую, якую толькі магчыма было здабыць, а дзяўчына выносіла яе на паверхню. Працавалі без святла, навобмацак. Усяго ў гэтым прадпрыемстве бралі ўдзел пяць чалавек.
Першапачаткова план уцёкаў з’явіўся у Аляксандра, ім ён у адну з начэй падзяліўся з Кацярынай. Удваіх маладыя людзі ўсё доўга абдумвалі, сумняваліся, абмяркоўвалі, але неўзабаве пачалі. Праз некаторы час да іх далучыўся Міхаіл, а праз яго і Анастасія. Дзмітрый жа апынуўся ў групе ўцекачоў зусім выпадкова, пасля таго, як аднойчы выявіў