Праспект Незалежнасці (зборнік). Яўген Шунейка
усе стэрэатыпы псеўдагістарычных уяўленняў дзеля вобразнай выразнасці, прыгажосці, народжаных яго асабістым талентам у злучнасці з натхненнем і патрыятызмам. Можна сказаць, што 39-гадовы мастак здаў свой вялікі прафесійны экзамен на права творчага валодання ўніверсальнай сцэнічнай прасторай “на выдатна”.
Творчыя тэатральныя інавацыі Ф. Рушчыца ўспрымаліся многімі аматарамі і крытыкамі сцэны як “непараўнальна прыгожыя”. Напрыклад, Э. Ажэшка, выдатная гродзенская пісьменніца, якой пашчасціла бачыць віленскую пастаноўку, пісала ў сваіх лістах пра “сапраўды чароўныя” ўзоры сцэнаграфіі Ф. Рушчыца (6, с. 119). Такім чынам, дзякуючы высокаму мастацкаму ўзроўню і шырокаму прызнанню дэмакратычнай грамадскасці сцэнаграфічны дэбют мастака не толькі надаў яму веры ў свае магчымасці, але, па сутнасці, заклаў падмуркі нацыянальнага тэатральнага мастацтва першай чвэрці ХХ ст. не толькі на Віленшчыне (шырэй казаць – Заходняй Беларусі), але таксама ў суседняй Польшчы. Такія высновы ў наш час цяжка паставіць пад сумнеў. Але застаецца без неабходнай актуалізатарскай увагі вялікі іканаграфічны матэрыял, эскізы, малюнкі, накіды, фотаздымкі, звязаныя з пастаноўкай “Лілі Венеды” ў Вільні. Яны занялі сваё належнае месца ў Музеі тэатральнага мастацтва ў Варшаве, Нацыянальным мастацкім музеі Літвы, і варта на іх зірнуць, што называецца, свежым мастацтвазнаўчым вокам. Балазе што большасць з іх выдатна рэпрадуцыруецца ў каталозе выставы, прысвечанай жыццю і творчасці Ф. Рушчыца, арганізаванай у 2002 г. у Кракаве і іншых мастацкіх цэнтрах (7, c. 178–184).
Мастаку была вельмі блізкай па духу творчасць вялікага паэта-рамантыка Ю. Славацкага (1809–1949), які ў 1820-х гг. вучыўся ў Віленскім ўніверсітэце, хвалявала сімволіка і метафарычнасць яго вобразнага слова, сувязь з легендарнай і антычнай мінуўшчынай, з прыроднымі стыхіямі, з неўміручай ідэяй свабоды. Невыпадкова, што паэту належаць пераклады Гамера (8, с. 424–447), а таксама і тое, што мастакасцэнографа пачалі ў Вільні неўзабаве называць “Каралём-Духам”, згодна з найменнем героя аднайменнай паэмы Ю. Славацкага (8, с. 374–423).
Ф. Рушчыц стварыў новы тып тэатральнага пейзажа, які з эскіза пераносіўся на вялікае палатно. Яно аздабляла задні план і па сваіх памерах адпавядала вышыні і шырыні віленскай сцэны (прыблізна 5 м х 15 м). У Вільні захавалася 6 каляровых пейзажных эскізаў-праектаў, якія адпавядалі розным тэатральным дзеям: “Горны краявід”, “Магільнік Юліі Альпінулі”, “Грот”, “Ахвярнае кастрышча”, “Камяні друідаў у лесе”, “Неба з аблокамі і месяцам” (9). Выкананыя пастэллю на паперы, яны ўражваюць сваёй эпічнай і манументальнай абагуленасцю.
На тэатральнай сцэне паўставала вялікая неабсяжная нябесная сінеча, уздымаліся мажныя векапомныя дрэвы. Пейзажны фон дапамагаў гледачу заглыбіцца ў сівую мінуўшчыну, калі на зямлі жылі легендарныя непераможныя асілкі, лехіты і венеды, чароўныя маладыя красуні.
Згодна з задумай мастака, акцёры выглядалі светлымі шляхетна-сімвалічнымі зданямі