Праспект Незалежнасці (зборнік). Яўген Шунейка
непасрэднае дачыненне. Таму цяпер мы назіраем працэс адкрыцця імёнаў класікаў сучаснага мастацтва, беларусаў з месца паходжання, якія нарэшце вяртаюцца да нас, слынныя і даўно прызнаныя ў свеце. Але найважнейшае прызнанне заўсёды – вядомасць на радзіме. Бо ці не тут фармуюцца першыя ўражанні, што потым насычаюць творчасць скразной настальгічнай прыгажосцю. Як пісаў Скарына: “… люди игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають”. Хоць лічаныя гады дзяцінства жыў тут чалавек, але ж ці можна яго адлучыць ад беларускага паходжання? А калі вучыўся ў Мінску ці Вільні, пачаў тут маляваць свае першыя карціны? Не нам пазбаўляць мастака яго творчага грамадзянства. Але чаму энцыклапедыі сусветнага мастацтва, не абмінаючы імёны выдатных творцаў, якія паходзілі з беларускіх зямляў, называюць іх радзіму, напрыклад, Расіяй? Мы ўсё ніяк не адважваемся казаць сабе і свету пра свае правы і абавязкі стасоўна землякоў, за якіх нашай радзіме гонар між народамі?
Адметнасцю беларускага мастацтва ёсць шматканфесійнасць і шматнацыянальнасць. Больш за 600 гадоў жывуць з намі татары, габрэі, жамойты і іншыя этнічныя супольнасці з агульнымі ўжо культурнымі здабыткамі, прасякнутымі духам беларушчыны. Натуральна, што, напрыклад, мастак-габрэй будзе ўносіць у агульную панараму настроі і формы драматычнай змрочнасці ці гратэскавай іранічнасці, уласцівыя яго псіхалагічнаму светаўспрыманню, а мастак-татарын акцэнтуе свае эмацыянальныя перажыванні праз кантраснасць, сакавітасць колераў, дынаміку вобразных адлюстраванняў і да т. п. Але гэта ніяк не супярэчыць іх беларускасці, толькі ўзбагачае, “паліфаніруе”, развівае, дадае беларускаму мастацтву адметнасці і разнастайнасці.
Усе гэта сказана, каб падвесці чытача да гутаркі пра творчасць класіка авангарда, выхадца з Беларусі, жывапісца парыжскай школы Хаіма Суціна. Як і ў іншых дзеячаў беларускай культуры габрэйскага паходжання з местачковых сем’яў, цяжка цяпер дакладна аднавіць месяц і дзень яго нараджэння. Пэўна, згубіліся метрычныя запісы пры сінагозе, а сам мастак не меў дакладных сведчанняў пра свае народзіны. Таму пачатак яго жыцця звязваюць з канцом 1893 ці 1894 г. Якраз цяпер мы адзначаем яго 100-гадовы юбілей.
Няма сэнсу паўтараць ужо вядомыя старонкі біяграфіі творцы, пісаныя і перапісаныя ў капітальных выданнях на французскай і англійскай мовах, а тым больш на рускай, дзе па стандартнай завядзёнцы аўтары фарбуюць у самых змрочных колерах і радзіму мастака, і цемрашальства местачковага габрэйскага жыцця. Хоць даўно вядома з аб’ектыўных гістарычных крыніц, што жыццё габрэяў на Беларусі на пачатку ХХ ст. па многіх крытэрыях было ўзорнаталерантным у параўнанні з “внутренними губерниями”.
Адкуль тут узяцца фанатызму, пагромным настроям, дзікунству, калі нават на кірмашы цяжка было сустрэць чалавека на моцным падпітку. Калі ж у сям’і Суціных, як высветлілася, не хапала ладу паміж дзецьмі розных узростаў ды інтарэсаў і паразумення адносна захаплення мастацтвам аднаго з іх, дык