Галасы (зборнік). Макс Шчур
У мяне няма ніякай ахвоты есці. Дзякуючы назапашванням тлушчу я змагу яшчэ працягнуць нейкі час без ежы. За час жыцця з жонкаю я аброс тлушчам і барадой, як сапраўдны служыцель культу, натуральна – уласнай асобы. З задавальненнем зноўку пачаў бы курыць, аднак пры адсутнасці грошай гэта было б роўнае самагубству. З другога боку, курэнне магло б быць вельмі добрым стымулам для пошукаў працы. Я заўважыў, што людзі, якія паляць, дасягаюць у жыцці большага поспеху. Як усе наркаманы, яны больш хіжыя за тых, хто вядзе здаровы лад жыцця: залежнасць прымушае іх варушыцца. З другога боку, яны раней паміраюць. Такім ёсць кошт дасягнення згаданага жыццёвага поспеху.
Доўгі час я падманваў жонку, быццам я геній. Яна зразумела, што гэта не так, нашмат раней за мяне, аднак доўгі час прыкідвалася, быццам нічога не заўважае. Я, у сваю чаргу, заўважыў, што яна прыкідваецца, і гэта мяне ў ёй усё больш і больш раздражняла. Зразумела, што мяне раздражнялі ў ёй і іншыя рэчы, пералічваць якія тут было б залішне доўга, але перадусім – гэта. З другога боку, калі мы жылі разам, дык у ранішнім уставанні была прынамсі нейкая прывабнасць, таму што пры жонцы я штодня снедаў кавай і шакаладам (замест колішняй цыгарэты). Я ніколі не пытаўся, адкуль мая жонка бярэ грошы на каву й шакалад, – мяне гэта не цікавіла. Толькі пасля таго, як кава і шакалад скончыліся, я пачаў хвалявацца, чаму гэта жонка ўсё яшчэ не вярнулася. Што рабіць? Патэлефанаваць у паліцыю? Магчыма, з ёю штосьці здарылася? Не, не хацелася дапускаць такой думкі. Да таго ж давялося б усюды бегаць, сведчыць. Калі б што здарылася, ужо затэлефанавалі б ейныя сваякі. Здаецца, у яе ёсць нейкія сваякі – прынамсі, яна штосьці аб іх казала. Але ж як яна магла гэтак са мной абысціся! І дзеля яе я здзейсніў такія подзвігі! Якія? Напрыклад, кінуў курыць…
Неўзабаве пасля нашага расстання на ейнае імя пачалі прыходзіць лісты. Спачатку – звычайныя, потым – у асабістыя рукі. Я некалькі разоў хадзіў па іх на пошту, але мне іх не далі. Сказалі, патрэбная даверанасць. Тады я прымусіў сябе напісаць ёй мэйл, і праз тыдзень-два яна адказала: маўляў, усё ў парадку, забудзься. Я забыўся. Толькі з наступнага ліста, ад экзекутарскай фірмы, я даведаўся, што маёмасць маёй жонкі, большую частку якой яна літасціва пакінула мне, падлягае канфіскацыі. Маўляў, паколькі яна не з’явілася ў суд, нягледзячы на мноства дасланых ёй позваў, ёй даецца тыдзень на пагашэнне доўгу перад нейкаю страхавою кампаніяй. Уявіўшы сабе перспектыву застацца аднаму ў пустой хаце, я быў амаль гатовы заплаціць тую запазычанасць за яе, але, даведаўшыся велічыню сумы, засмяяўся – такіх грошай у мяне ніколі не было і не будзе.
Усе гэтыя радасныя навіны мне ўдалося паведаміць ёй толькі пазаўчора, па тэлефоне. Упершыню за колькі месяцаў я пачуў яе калісьці дарагі голас. Яна адрэагавала абурана, як быццам гэта я патрабаваў ад яе гэтых грошай. Маўляў, яна нічога не ведае, стасункаў з ніякай страхавою кампаніяй не мае ўжо болей за два гады. Няўжо я званю ёй не для таго, каб пакаяцца й папрасіць прабачэння, а адно каб абцяжарваць такімі