Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік). Макс Шчур
павінны былі адбыцца танцы. Госьці ў сваёй бальшыні, зразумела ж, не маглі не паслухацца ягонага ветлівага загаду. Руска-ўкраінскі белагвардзейскі аркестар зайграў танга. Як і чакалася, амаль ніхто з новых эмігрантаў ня ўмеў яго танчыць, таму Мялешка ўжо зьбіраўся паказаць ім прыклад і запрасіць якую з пакаёвак, аднак, заўважыўшы адсутнасьць Галавача, згадаў пра ягоную просьбу зайсьці да яго ў кабінэт. «Ат, трасца… Ну, не бяды», сказаў ён сабе. «Усяго адзін танец – перажыве…»
Аднак іншых жадаючых ушанаваць аргентынскую нацыянальную музыку адпаведнай харэаграфіяй не зьявілася, таму адразу ж пасьля першага прыпеву ірваны рытм танга прыпыніўся і загучала полька. Што тут пачалося! Нават старэйшыя з гасьцей, што папярэдне ставіліся да танцаў на ўстаноўчым сходзе скептычна, пусьціліся ў скокі. Паны танцавалі са сваймі панямі, новапрыбылыя эмігранты з пакаёўкамі… Прыглушаны шум гулянкі даносіўся і да паўнепрытомнага гурмана Паскевіча: аднаму яму, ды яшчэ Мялешку «на каберцы» ў Галавача, было не да танцаў. Калі полька скончылася, усе пачалі гучна аддыхвацца й адфуквацца зь нязвыкласьці – танчыць у гэтым кліматычным поясе ім яшчэ не даводзілася.
Быў абвешчаны перапынак. Пакуль аркестар прымаў замовы, набіраўся натхненьня з высокіх фужэраў і думаў, што зайграць далей, на сярэдзіну салёну выбегла адна з пакаёвак і пракрычала нешта няўцямнае, на першы послых падобнае да:
– Галавач! Мялешка застрэліў Галавача!
Госьці прыціхлі й пачалі пераглядвацца, ня ведаючы, ці то лічыць гэта дурным жартам, ці то слыхавой галюцынацыяй. I тут на лесьвіцы зьявіўся Мялешка: ягоны белы гарнітур быў увесь у крыві, акурат паводле строгіх патрабаваньняў нацыянальнай геральдыкі. Убачыўшы яго, пакаёўка голасна заякатала, кінулася ўніз па прыступках, падвярнула нагу, упала й страціла прытомнасьць.
– Грайце, грайце! – махнуў Мялешка рукою, падаючы знак аркестру. – Я выклічу паліцыю!
Ніхто не наважыўся яму пярэчыць.
6
– Чулі, што здарылася? – запытаўся на наступны дзень Бяляцкі ў Паскевіча, калі той зусім нечакана зайшоў наведаць яго на вуліцу Ляпрыда. – Нашага сябра Мялешку абвінавачваюць у забойстве.
– Жартуеце? – не паверыў Паскевіч.
– Дзе там! – Бяляцкі разгарнуў артыкул у «Ля Насьён» і паказаў Паскевічу. Той вылупіў вочы, як баран на новыя вароты: Бяляцкі ўзгадаў, што зямляк яшчэ не разумее па-гішпанску. – Будзеце матэ?
– Не, я лепей гарбаты…
Начапіўшы на нос акуляры, Бяляцкі пачаў перакладаць Паскевічу артыкул сваім няўзрушаным і невыразным голасам:
– «Правадыр аргентынскіх беларусаў забіты. 16-га кастрычніка 1946-га году, Бўэнас-Айрэс. Учора ўвечары на віле «Эстрэлья» ў квартале Палермо, вуліца Дарэго, 145, падчас урачыстага паседжаньня беларускага Зьвязу патрыётаў, на якім прысутнічаў, сярод іншых, прадстаўнік ураду Аргентынскай рэспублікі сэнёр Дамінго Фэрара, здарылася няшчасьце: быў застрэлены старшыня Зьвязу, сэнёр Басільё Галавач. Галоўным падазроным зьяўляецца знаёмец сэнёра Галавача, баксэр