Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік). Макс Шчур
танна аказалася. Дый я быў вельмі стомлены, ведаеце… Усё адно б я не знайшоў адтуль дарогі да Мялешкі…
– Ага. Ну, добра. У кожным выпадку, вам варта зьявіцца ў паліцыі. Іначай нашаму сябру прыйдзецца горш, чым учора вам. Разумееце? Абавязкова туды схадзіце.
Паскевіч завагаўся, перамінаючыся з нагі на нагу.
– А што, калі мяне западозраць? – няўпэўнена спытаўся ён. – Дый як я ім усё патлумачу? Я ж ня ўмею па-тутэйшаму… Мяне лягчэй за ўсіх крайнім зрабіць…
Бяляцкі зірнуў на яго ўважліва, потым прамовіў.
– Што ж, на жаль, я з вамі сёньня пайсьці не змагу, – уздыхнуў ён, і дадаў напаўголасу: – Мушу заехаць у шпіталь, з Шашалевічаўнай паразмаўляць. Нешта тут ня тое.
7
На наступны дзень а пятай гадзіне дня ў дзьверы нумару 112 у гатэлі «Марцін Ф'еро» пагрукалі. Голас Паскевіча азваўся, нібы скрозь сон:
– Хто там?
– Бяляцкі. Адчыніце, Паскевіч. Мне трэба з вамі паразмаўляць.
– Як вы мяне знайшлі? – зьдзіўлена спытаўся Паскевіч, зачыняючы за ім дзьверы.
– Проста. Ведаеце, у Бўэнас-Айрэсе шмат танных гатэляў, але не ў Палермо. Ну, як маецеся?
– Як бачыце, – паціснуў плячыма Паскевіч.
– П'яце?
– А што? – азваўся Паскевіч амаль злосна.
– Нічога. Добра, што ёсьць за што піць. Толькі вы гэта лепей кіньце.
– Ат… Дык што там чуваць? – Паскевіч наліў сабе поўную шклянку хінэбры, нібы не пачуўшы парады Бяляцкага. – Бачылі Мялешку?
– Бачыў. Ён у астрозе. У камэры папярэдняга затрыманьня. Дурань – яшчэ й чыніў супраціў паліцыі, панабіваў ім гузакоў… Пры гэтым – сам яе выклікаў… Сьмех і грэх. Але яго ўжо ня выпусьцяць, мне здаецца. Усе факты супраць яго. Плюс грамадзкае меркаваньне. Таму я й лічу, што вам варта абавязкова схадзіць у паліцыю, дружа.
– I што я ім скажу?
– Думайце самі. Можаце прызнацца, што забілі Галавача.
Паскевіч вылупіў на Бяляцкага вочы:
– Што вы верзяце? Вы з глузду зьехалі?
– He хвалюйцеся, я жартую, – пасьміхнуўся той. – Нікуды ісьці ня трэба, яны самі па вас прыйдуць, так ці іначай. Усё-ткі вас бачыла на той вечарыне даволі шмат народу, некаторыя ведаюць вас з карабля – калі б не агульнае перакананьне, што ўва ўсім вінаваты Мялешка, рана ці позна нехта мог бы прыгадаць, што вы раптоўна некуды выпарыліся. Мяркую, у гатэлі таксама ўжо зьвярнулі ўвагу на ваш позьні прыход. Таму вам трэба не сядзець тут, а тэрмінова зьяжджаць. Для пачатку, у Монтэвідэа. Туды ўсе ўцякаюць, як што якое. Іначай вас, хутчэй за ўсё, абвінавацяць ня толькі ў забойстве, а яшчэ і ў шпіянажы. А калі вас асудзяць як бальшавіцкага агента, то ў найлепшым выпадку з астрогу вы ніколі ня выйдзеце.
– Але Шашалевічаўна…
– Шашалевічаўна – колішняя Мялешкава нарачоная. Згода, абыйшоўся ён зь ёю не найлепшым чынам, але гэта не падстава, каб падводзіць яго пад шыбеніцу… Зрэшты, я думаю, што здолеў яе ў гэтым пераканаць. Цяпер на чарзе вы. Паслухайце: я абсалютна ўпэўнены, што гэта вы забілі Галавача.