Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Ян, сын Яна, 12 гадоў, Ксёнда Міхаіл, сын Гаўрылы, 12 гадоў, Васілевіч Рыгор, сын Васіля, 12 гадоў, Філіновіч Аляксандр, сын Аляксея, 11 гадоў і Міховіч Сцяпан, сын Фёдара, 13 гадоў – усе жыхары Моталя, вучні 5-га класа, за выключэннем Філіновіча Аляксандра, які з’яўляецца вучнем 3-га класа, забараняюць ім пад пагрозай збівання прымаць удзел у якіх-небудзь польскіх школьных арганізацыях».
Калі па праўдзе, было яно нават прасцей, тады многія вучні без усялякага прымусу далучаліся да небывалай і чыннай гульні – пратэсту супраць польскай палітыкі, і ўжо адно зацуглянае імі слова «байкот» несла кожнага, як добры скакун, у свет неспазнаных, высокіх і шчымлівых імгненняў.
Настаўніцу спадарыню Ніну непакоіла, што эпідэмія вучнёўскага маўклівага бунту перакінецца і на яе клас, таму, адпускаючы дзяцей на перапынак, ціха і лагодна прасіла:
– Не пніцеся быць дарослымі, калі ў вас яшчэ мамчына малако на губах не абсохла. Не рызыкуйце, пакуль не набраліся розуму, ведаў. Ну, а школа – Бог даў.
Апошнія яе словы патанулі ў галасе здзіўлення, нясмелых кпінаў, мяккай нязгоды. Толькі ж яе шкадавалі.
Маня Раманавічанка разам з сяброўкамі – кульмігам на вуліцу. Зазвычай тут, каля школы, утвараўся рэй, калі не сказаць – своеасаблівы кірмаш вучнёўскай весялосці. Збіраліся невялікімі і рухомымі купкамі – найчасцей аднагодкі, пад’юджвалі адзін аднаго або дзяўчатак, рагаталі, строілі вясёлыя і сумныя міны. У гэты ж дзень усё было амаль, як раней. Надвор’е спрыяла, да твараў ліпла мяккае красавіцкае сонейка. Адно нешта новае ўпляталася ў шумную дзіцячую грамаду. За вуглом школы, каля старой грушы, Маня пачула, як гуляюць у нейкую адмысловую маўчанку: адзін, выконваючы ролю настаўніка, гаворыць шмат ушчувальна-абразлівага і звяртаецца да іншых, а тыя ядуць яго вачыма і ні гу-гу. «Што здарылася, нягоднікі, шэльмы?» – пытаецца той, гаваркі, а гэтыя, абступіўшы знячэўку «настаўніка», кладуць яму на голаў далоні выцягнутых рук і пад вокліч «Бай?.. Бай!..» ціснуць разам зверху ўніз. Той крэкча, намагаючыся ўтрымацца на нагах, але не вытрымлівае, згінаецца; у гэтых жа – напашэўку новы радасна-пераможны вокліч: «…КОТ! Сукін кот! Во што знача, пан, байкот!»
Маню нехта пацягнуў за рукаў. Азірнуўшыся, яна ўбачыла Янку Кульбеду, які порстка шыбануў ад яе ўбок. Цыбаты хлапчук з русявым чубком, што пры бегу скакаў упрысядку, Янка часам наведваўся да іх у сядзібу, заходзіў у хату, зазвычай з нейкім клопатам да дзеда, які даручалі яму бацькі… Цяпер Янка шмыгнуў туды, дзе, збіўшыся ў гурт, старэйшыя заўзята штось абмяркоўвалі, і па іхніх анепакоена-засяроджаных тварах Маня здагадвалася, што гутарка ў іх мае быць пра байкот. Неўзабаве аднекуль выслізгнуў, прыпыняючы крок каля іх і прыслухоўваючыся, пан Шымчак, дырэктар. Вучні карцінна схілілі перад ім галовы, а ён пашыбаваў далей у бок гміны. Маня, праўду казаць, мала задумвалася, чаму іх дырэктар апошнія дні такі няветлівы, сцяты, разгублены, не раўнуючы, як той «сукін кот» у жартоўнай гульні падлеткаў.
І ўсё ж нейкі цень ад злавеснай хмары не мог не