Берлінская мазаіка. Алесь Тарановіч
ўжо на буханку хлеба. Моцны, самастойны народ раптам ператварыўся ў звера, які ляскаў зубамі ад голаду, прагнучы ежы. Усе існуючыя каштоўнасці паваліліся.
Калі людзям больш няма чаго губляць, вызваляюцца сілы і энергія, не падпарадкоўвальныя ніякаму кантролю. На паверхню вылезлі масы жабракоў, бандытаў, прастытутак, наркаманаў і дэгенератаў. З'явілася мноства дэмагогаў, і нарэшце ўладу захапіў зласлівы дыктатар, які паставіў свет на грань катастрофы.
У тыя гады Берлін нагадваў абхоплены хваляваннем акіян. Я жыў тады ў ціхім гатэлі на беразе Шпрэе, які здаваўся маленькім астраўком пасярод бурлівага мора. Але варта толькi было пераступіць парог, як магутная плынь падхоплівала мяне. Увечары падчас вячэры ў рэстаране можна было ўбачыць за суседнім столікам істоту, якая пудрыць нос вялікім пэндзлем, вынятым з таго месца ў дэкальтэ, дзе хвіліну назад выразна віднеліся грудзі. Спробы вызначыць пол людзей вакол цябе нярэдка прыводзілі да канфузу. Не толькі мужчыны апраналіся жанчынамі, выкарыстоўваючы накладныя бюсты, вейкі, памаду, але і жанчыны выглядалі як мужчыны, а ў некаторых былі нават бароды і вусы. Існаваў і трэці тып, гатовы задаволіць любыя запатрабаванні. І хто высока падымаў бровы пры выглядзе гэтай распусты, той непазбежна выдаваў у сабе правінцыяла. Папулярны верш Эрыка Кестнера тых гадоў пачынаўся радком:
А там, дзе раней мараль была,
Ззяе сягоння дзюра.
Берлін жадаў весяліцца, і кожны, хто імкнуўся да забавак, мог атрымаць сваю порцыю. У кабарэ, тэатрах і начных клубах тоўпіліся акцёры і акторкі. Ніхто не з'яўляўся двойчы ў адным і тым жа асяроддзі. Дзень і ноч людзі былі занятыя пагоняй за пачуццёвымі задавальненнямі. Як вугры яны выпаўзалі са сваёй скуры, каб рынуцца ў новую прыгоду. Вядома, не ўсе жыхары Берліна бралі ўдзел у гэтай грандыёзнай гонцы за задавальненнямi. Аднак менавіта гэта кідалася ў вочы пры поглядзе на гарадскі натоўп. Там і тут стаялі юныя дзяўчыны з бізунамі ў руках. Калышучыся на высокіх абцасах, яны чакалі знака мінакоў, каб рушыць услед за імі. Сукенкі некаторых былі ўпрыгожаны свінымі хвосцікамі. У Берліне 1929 года лунаў дух Гойi, Бёрдслея, Цылле, Бадлера».
Мастак Цылле, адзіны немец у гэтым спісе, у сваіх працах паказаў тую выяву берлінца, якую цяпер ведаюць ва ўсім свеце.
У Берліне стаiць помнік яму.
І яшчэ адзін немец пакінуў яркае апісанне берлінцаў той пары – Рэмарк у «Трох таварышах».
Я наўмысна не буду апісваць Берлін у часы зласлівага дыктатара.
Знаёмы мастак Клаўс памятае смак рускіх цукерак траўня 1945 года.
А яшчэ смак кашы з палявых рускіх кухняў. Вярблюдаў, мангалоідныя твары, казакоў.
Назвы вуліц на рускай мове, бравых дзяўчынрэгу ліроўшчыц.
Незлічоныя калоны ваеннапалонных немцаў.
Берлін – гэта вавілонскі гармідар народаў. Большасць са 152 нацыянальнасцяў, якія жывуць у Нямеччыне, жыве ў Берліне.
Iншаземцы жывуць у Нямеччыне даўно. Габрэі – больш за дзве тысячы гадоў.
У VI ст. сюды прыйшлі славяне.
Пасля крывавых рэлігійных войн Нямеччына стала прыстанкам для галандцаў, чэхаў, палякаў, французскіх гугенотаў.
У 60е гады XX стагоддзя ў ФРГ з'явіліся туркі, а ў ГДР – в'етнамцы.
Першая