Імя грушы. Сяргей Балахонаў
былі абсалютова голыя. Забойца быў праўдаістым адлюдкам. Я моршчыла лоб і старалася не слухаць, каб лішні раз не ўражваць сябе. Не атрымлівалася, я слухала, адчувала, як апавядальнік пахне фармалінам, па-блюзнерску думала: «Як Светаліна з ім цалуецца?» і мяне мала не пачынала мліць. Pathologoanatom заўважыў гэта і прыгадаў показку пра пана Марцінкевіча, які кінуў у юнацтве медычныя студыі, бо не вытрываў першага ж наведання анатамічкі. Спадарыня Галавацкая, якая за Вайніславам яўныя таскноты мела, у каторы раз дала вольку эмоцыям. Сядзеўшы перад тым, нібы камень, збоку ад усіх, яна счавіла гронкі свайго гневу і журбы ды ўсклікнула:
– Якія могуць быць такой часінай жарты?! Дзяўчаты гінуць ні за гелер! Шлындае па горадзе ганебны вырадак, і ніхто яго не ловіць! А зніклыя людзі?!
– Чалавек, – паправіла Каміла Свентаржэцкая.
– Ды ён адзін дзесяцёх варты! – натужна працягвала Ірэна. – Які толк з таго ліста, што вам перадалі, калі чалавек так і не аб’явіўся? Дый баюся, паперчына ваша – фальшыўка. У Мінску па-свінску. Атрымалі цыдулку і супакоіліся. А ці знайшлі вы хоць след таго, што ён жывы?! Вы ж не шукалі. Дзяўчынкі каснічкі ў косы ўплялі… Ды не можа цяпер быць супакою! Не-мо-жа! Кепска ў Менску, пане Каранеўскі! Не трэба спачываць на дзядоўніку аблуды. Як хочаце сабе, а я бяруся за пошукі Вайніслава…
– Не хвалюйцеся, пані Ірэна, – паспрабаваў уклініцца ў ейны маналог мой нарачэны, – мы ўсе заклапочаны з прапа…
– Ён мой! І ніхто лепш ад мяне яго не будзе… – спадарыня Галавацкая пачала досыць горка плакаць, што зноў жа сталася іспытам для мяне: як самой не зарумзаць следам за ёй. Але тым часам Каміла, каб суцішыць агульную напругу заспявала сумную беларускую баляду:
Ляцелі дзікія лябедзі
Ой, да к Уле рацэ.
Змуцілі дзікія лябедзі
Воды ў Уле рацэ.
Гэта быў праўдзівы гімн беларускае стараны. І калі б зараз спадары Луцкевічы з грамадою абвясцілі Беларускую Дзяржаву, я адразу ж прапанавала б гэтую песню на месца самай галоўнай. Уяўляю твар Лук’яна Саланевіча вымушанага спяваць па-беларуску! Зрэшты сённяшні беларускі рух троху не тудою пайшоў, і блутанка іхная дасца ім яшчэ ў знакі. Не датрымліваюць aurum mediacritas, пра якую кажуць.
Потым супольным роздумам мы вырашылі знайсці месца, дзе 3 марца 1067 года адбылася лютая нямігская сеча. Супраць былі Галавацкая і Вінцэнт Скавыш. Спадар Вінцэнт патрапаў сваю густую бараду і сказаў: «А што вы там збіраецеся шукаць?». Ніхто не здолеў даць яснага аргументаванага адказа. Што магла даць нам тая мясціна? Можа па наіўнасці якой мы спадзяваліся адкрыць там мярлог забойцы? Ці нават самога Бабая? Запал ахалонеў. Мы трапілі ў тупік. Трэба было некуды ісці. Але куды, не ведалі.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона,