Імя грушы. Сяргей Балахонаў

Імя грушы - Сяргей Балахонаў


Скачать книгу
лістападаўскай пятніцай, калі наведнікаў у Паўла амаль што не было па прычыне нудотнага хлябістага надвор’я, што трымала мянчан у сваіх дамах, нібы ў бабілонскім палоне, да нас завітаў незнаёмы малады спадар. Спаслаўшыся на запросіны агульнага з Паўлам таварыша, госць адрэкамендаваўся як пісар апякунскае рады (попечительского совета) Вайніслаў Боўт. Па-беларуску ён гаварыў чысцей ды лепей ад Паўла, які нават не разумеў (!) некаторых момантаў і часцяком перапытваў у госця. Вайніслаў выявіўся чалавекам шырока адукаваным, чые зацікаўленні сягалі ў пытанні гісторыі і матэматыкі, археалогіі і літаратуры, багаслоўя і фізікі.

      У той вечар гаворка ўзбілася на аднаго з легендарных песняроў – Баяна. Каб завязаць яе, Павел спытаўся ў Вайніслава:

      – А ці чулі вы, спадару, пра такую домнеўку, што вешчы Баян, згаданы ў «Слове пра паход Ігараў», быў жыхаром старадаўняга Менску?

      – Вядома, Паўле, я чуў гэта колькі разоў. Пацеха з меха. Ведаеце, як сяляне называюць шматковую цібо лапіковую коўдру?

      – Здаецца, шкуцянка. Але ад чаго вы прыгадалі коўдру?

      – Не так коўдру, як ейную шкуцянасць, сшытасць з паасобных шкутоў, фрагментаў. Дык «Слова пра паход Ігараў» і ёсць такою шкуцянкай.

      – Але ж, спадару Вайніславе, гэта ж прыўкрасны мастацкі твор усходнеславянскага літаратурнага генія, – стаў пярэчыць мой мілы.

      – Безумоўна генія, толькі не «ўсходнеславянскага літаратурнага», а «расейскага містыфікацыйнага», – прамовіў спадар Боўт з інтрыгоўнаю урачыстасцю ў голасе. – Уявіце сабе манастырскае кнігасховішча. Там, акром больш-менш ацалелых фаліянтаў колькісотгадовае даўніны, ёсць збор кніжных парэшткаў: дзе аркуш, дзе пару аркушоў, а дзе бяззвязныя шкуткі самых размаітых рукапісаў. І вось з’яўляецца абазнаны ў гісторыі і літаратуры чалавек, які пільна разбірае тыя пыльныя парэшткі, і адкрывае пару-другую ўрыўкаў, што выдаюць на невядомы мастацкі твор сама мала ХІІ стагоддзя. Але заміж таго, каб абнародаваць наяўнае, адкрывальнік спакушаецца стварыць сваё ўласнае Слова. Да выяўленых фрагментаў ён дадае сёе-тое з летапісаў, даўніх перакладных твораў, з народных песняў і былін. Пра твор дазнаюцца некаторыя арыстакраты – аматары памятак даўніны. Адзін такі вяльможны пан, усцешаны творам, просіць яго крыху скарэгаваць, каб Слова прамянілася ідэяй адзінства славян. Наш аўтар пагаджаецца з прапановай, скрашанай грашыма за старанні і далейшае маўчанне пра генеалогію твора. І пачынаюць у вялікасвецкай грамадзе хадзіць чуткі аб выдатнай старажытнарускай паэме, што апявае саюз непарушны народаў славянскіх. Згадзіцеся, вельмі своечасовае з’яўленне – Расея забірае сабе ладныя абсягі Рэчы Паспалітай. У 1800 годзе Слова друкуюць з наўмыснымі і выпадковымі сумбурамі ды недакладнасцямі. У выніку сэнс твору настолькі зацямняецца, што даследнікі надаюць яму ледзьве не сакральнае значэнне. Аднак шмат хто сумняецца ў сапраўднасці твора, патрабуючы прад’явіць арыгінал. Напалеон прыходзіць у слушны час.


Скачать книгу