Імя грушы. Сяргей Балахонаў
Ірэну Галавацкую, доктара медыцыны Мечыслава Акімовіча-Загорскага ды яшчэ колькіх чалавек, чые імёны сённейка дзеля спарахнеласці памяці я прыгадаць не здолею. Паўлуша не толькі хацеў уразіць гасціну, але і атрымаць магчымасць паспрабаваць хоць бы гуртам запярэчыць Вайніславу. Ён знемагаў ад чакання і нават мяне цалаваў зусім не так жарсна, як бывала раней.
Але сёмага лістапада выявілася страшэнная для Менска навіна: на адной з вулак Татарскага канца, мала не ля мячэта, было знойдзена бездыханнае цела дзяўчыны. Адразу панеслася пагалоска на ўсю вёску (хаця Менск усё ж вёскаю не быў, прынамсі – не зусім вёскаю). Адны гаварылі, што то была пакаёўка спадарства Д-скіх, якую мардэрца насамперш згвалціў, а потым задушыў. Іншыя цвердзілі, што забітая служыла чалядкай у паноў А-няў, якую злачынец задушыў спачатку, а гвалт цялесны ўчыніў пасля. Так ці не, але я была ў захвіцэнні, як і маса менскіх жанчынаў без увагі на іх сацыяльнае становішча. Паліцыя ж, каб суняць залішнія плёткі і пострах сярод гараджан, абвесціла аб затрыманні падазронага на тым паскудстве мужчыны… З усяго гэтага здавалася, што чарговая сустрэча «Дасканалага Крывіча» міжволі тэматычна прадвызначана, і новы чалавек не станецца сенсацыяй. Павел дужа засмуціўся, але мусіў змірыцца з той відавочнай акалічнасцю.
Сапраўды, размовы кожнага з гасцей пачыналіся з агучвання факта забойства пакаёўкі. Мала хто пільнаваўся няпісанага правіла гэтых сустрэчаў – гутарыць па-беларуску. Таму прамаўлялі сабе бальшынёй па-польску і па-расейску, а нехта станаўко ўхіляўся ў пінскія гаворкі. Завітаў урэшце і спадар Вайніслаў Боўт. З прытомнай публікі, як высветлілася, яго троху зналі пані Каміла і спадар Чэслаў. Пры чым мне не надта спадабалася, як у Камілы блішчэлі вочы ад пагляда на Вайніслава. Павел адразу ж узяў рэй у тым, каб расшаволькаць «сэнсацыйную персону» і натуральна зачапіў тэму менскага здарэння.
– Мяне бянтэжыць, – пачаў госць, – такая рэч, што труп ляжаў каля магаметанскае бажніцы. А прамоўленае намі тутака тыдзень таму слова без увагі на яўную нутраную сваю славянскасць, вонкава выдае на татаршчыну.
– Бабай?! – выгукнула я.
– Сказана, як звязана.
Я не зразумела гэтай послаўкі і крыху пакрыўдзілася, але потым дапяла, што крыўдавала дарэмна. Для ўсіх Павел пераказаў самую істу праблемы і з цікаўным позіркам папрасіў у спадара Вайніслава ўдакладненняў:
– І што?
– Нічога асаблівага. Проста гэта тхне містыкаю. Я вельмі хачу абмыліцца, але баюся, што небарачку тую забіў Бабай.
– Дазвольце, – падняў руку спадар Чэслаў Драбышэўскі. – Гэта мне падаецца якімсьці вар’яцтвам. Які Бабай? Пры чым тут Бабай? Нейкая містычная істасць прыходзіць, каб забіваць?
– Менавіта так, – адказаў Боўт. – Гістарычны цэнтар Менску незвычайнае месца. Асабліва Няміга. Падаецца там тысячагоддзямі таілася зло. Я не ведаю, што там дакладна: уваход у апраметную ці пачвара на ланцугу нашых дабрамыснасцяў…
– Не, – перабіў яго Вікент Скавыш, –