У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
у вёсцы. Стала на кватэру ў самотнай, статэчнай жанчыны. Калі вячэралі, тая аднекуль дастала фоткі – ці не ведаеце? У маці мову адняло. Яе маладыя бацькі з незнаёмымі людзьмі. Здымак жанчына не аддала, нават адбіць копіі. А на гарышчы ў скрынях, сярод рознага ламачча, паказала разабраны гарнітур. Пылу на ім нагрувасцілася гэтулькі, што то быў ужо не пыл нават, а зямля. Грошай за схоў жанчына браць не схацела, але маці паклала нейкую суму на рахунак і завезла ашчадную кніжку. Кніжка зрабіла ўражанне.
А маці рупілася з хатай. З задавальненнем запрашала гасцей. Пэўна ж, на тую пару ў іх мясцінах мала хто мог пахваліцца такім інтэр’ерам. Маці – барані Бог – праўды нікому не аказвала, а прыдумала вельмі верагодную байку: купіла з «трафейнага» дабра. Тым больш што шафа з надпісам на дзверцах «Emil Bartel. Möbel» на самай справе была прыдбаная такім чынам.
Вольга Станіславаўна засталася задаволеная – фантастычны выпадак, нешта з былога вярнулася. Хай сабе не котлішча, але нейкае гняздзечка ёсць.
…Прыехаўшы на Беларусь напрыканцы вайны, у свой горад яны трапілі не адразу, а вярнуўшыся, з паўгода жылі ў судзе, дакладней – у юрыдычнай канторы маці. У вялікім пакоі быў пісьмовы стол і некалькі зэдлікаў – матчын «кабінет». Запавесаю з паркалю была аддзелена «кватэра»: два ложкі і стос валізак пад покрыўкай – тут табе і стол, і камода, і шафа. Урокі Дана рабіла або на стоўчыку, паставіўшы да яго маленькі нізенькі ставец, або на «камодзе». Сталаваліся зазвычай на матчыным рабочым стале, палуднавалі – што пад сігнал трывогі. Крыху зеванулі – і кліенты пачыналі барабахаць у дзверы.
Увогуле суд месціўся ў катэджы, дзе да вайны, да 39-га, «за польскім часам», жыў адзін з тутэйшых адвакатаў. Іх было ці не дванаццаць. Горад быў цэнтрам ваяводства. І, дарэчы, амаль усе лепшыя дамы належалі адвакатам і натарыусам. За лапік зямлі тым часам судзіліся ледзь не ўсё жыццё.
Цяпер у судзе на першым паверсе быў доўгі калідор, дзе заўсёды тоўпіліся людзі, налева – канцылярыя маці, направа – зала пасяджэнняў, вялізны доўгі пакой, перароблены з ранейшых двух. За ім – маленечкі пакойчык, у якім Дана ніколі не была, менавіта туды «суд накіроўваўся дзеля нарады», як абвяшчаў суддзя. Там выносілі прысуды. Маці заставалася ў зале.
«Выступленні бакоў» адбываліся тут. Маці была адным з «бакоў».
Напрасткі па калідоры быў пакой сакратарак і справаводаў – прыёмная, а па абодва бакі прыёмнай – кабінеты суддзяў, першага і другога ўчасткаў. У адзін з гэтых кабінетаў Дана ўвайшла ўпершыню толькі праз шмат гадоў – падзякаваць суддзі, што прыехаў на пахаванне маці. А тады – тады для яе надзвычай прыцягальны быў прыёмны пакой: аграмадныя шкляныя дзверы вялі наўпроста ў сад. Ці то падчас вайны разабралі веранду, ці то не паспелі пабудаваць. Гэта былі не вокны-эркеры, а менавіта дзверы, шырачэзныя, з дзвюма дзверцамі і акном пасярэдзіне. Мелася ў доме яшчэ былая кухня з печчу, на старасвецкі лад прасторная кухня. Прыстасаваць яе, дарэчы, да казённай карысці было цяжка. Усюды толькі дзверы