У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава

У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава


Скачать книгу
хацела. А парэчкі былі і белыя, і чырвоныя, і чорныя. Выбірала Дана белыя, пераспелыя, нават крыху падвялыя, салодка-кіславатыя. Яблыкі раслі тут нейкага зімовага гатунку, летам былі, што камень, Дана не вельмі давала ім рады. Удома хапала наліву і малінаўкі, штрыфелю і грабштэйну, а ўзімку – папяровак.

      Так і засталося ў Даны ўяўленне пра суд як пра нешта хатняе, звычнае і – чужое. Хатняе – не так ад таго, што яны там жылі, як ад самога будынка – утульнага катэджа, разлічанага на самавітае і прыватнае жыццё. Чужое… Таму што Дана ніколі не дабрала да стадыі зацікаўленасці тым, што адбывалася ў будынку. Закон – у гэтым слове было для яе нешта далёкае і жорсткае. Суд. Прысуд. Дана ўяўляла пакаранне толькі справядлівым, але тое, што пачынаюць дзейнічаць катэгорыі свету пагрозлівага і таямніча-варожага, выдавала бояззю: кодэкс, прэзумпцыя невінаватасці, падсудны… Некага забілі, некага ашукалі, нехта рабаваў, нехта латраваў… Яна інстынктыўна адстаранялася ад гэтага. Ніводнага разу не ўвайшла падчас працэсу ў залу суда… І не ведала, што гэта было – суцэльны эгацэнтрызм ці натуральнае стаўленне натуральнай істоты?

      Пазней, калі Дана ўжо толькі наязджала ў свой горад, дык не любіла прыходзіць у суд яшчэ і таму, што павінна была ўвасабляць палепшаны, квінтэзіраваны, матчын стандарт. Гарнітур, паліто, капялюш, пальчаткі – усё павінна было быць у лепшых традыцыях сям’і Азарэвічаў. «Ты памятаеш Чэхава?» І ў тэатр, і на візіт, і на службу і ўдома каля печы – трэба апранацца адпаведна – і ніякіх капотаў наросхрыст або пакамечаных спадніц. Ці аксамітавых сукенак на кірмаш – так меліся фарсіць жонкі вайскоўцаў. Праўда, памылак сваіх папярэдніц 39-га года яны не паўтаралі: тыя шыкавалі ў начных кашулях па горадзе, лічачы іх за святочныя строі. Дасюль на гэны конт хадзілі здзеклівыя анекдоты.

      Дана разумела маці. Але прыязджала яна падчас адпачынку, каб мець нейкі пярэдых, і эстэтычныя катурны даставалі ёй дух. Потым яны паразумеліся – візіт перад ад’ездам. Свой час ягадзе, свой час баравіку. А да таго Дана хадзіла па хаце і ў парку, і на замку ў вузкіх нагавіцах і нейкіх блузах і свэдрах – кампрамісны варыянт: і ёй зручна, і маці не супраць.

      На вакацыях і падчас адпачынку Дана прыглядалася да здымка, што быў навідавоку: бацька ў цывільным гарнітуры стаяў, абапершыся за стаяк з кветкамі; бацька ў вайсковым убранні разам з маці, а Дана стаіць паміж імі; бацька глядзіць з-пад палёў капелюша – загадкавы, таямнічы, знаёмы і незнаёмы, як герой фільма. Маці не вельмі ахвотна гаварыла пра яго. Вобраза ідэальнага бацькі і героя збройнай справы не рабіла, але нічога кепскага таксама не згадвала. Дана магла выдумляць сама… Свае ж уласныя карані маці хавала і ганарылася імі. Маці Вольгі Станіславаўны памерла, калі ёй было восем гадоў, а бацька, дзед Даны… О, дзед! Дзед прыехаў сюды разам з імі. Ці хутчэй – яны прыехалі разам з дзедам. Называлася гэта – спецыялістаў накіроўваюць на вызваленую тэрыторыю. Спецыялістам была маці. Здаецца, яе не вельмі каб хацелі сюды выпраўляць; шосты пункт анкеты не адпавядаў высокім


Скачать книгу