Пантофля Мнемазіны. Людміла Рублеўская
сваю доктарскую, Люцыян Станіслававіч узначаліў нейкую сумнеўную лабараторыю… Вось пра яе лёс і прыйшоў гаварыць. У іх там ажно трох шкоднікаў арыштавалі. А Магістр заступацца лезе!
Пачатак размовы паміж Магістрам і маёрам быў цалкам добразычлівы. Паціснулі адзін аднаму рукі. Корвус усеўся, як на імянінах, у крэсла, у якім столькі ворагаў народу пераседзела, ператрэслася. Паперкі расклаў… І давай алей ліць. Пра тое, якімі важнымі справамі ў іхняй лабараторыі займаюцца. Пасля вайны надта шмат людзей з пашкоджанай псіхікай, з нервовымі захворваннямі. Таму даследаванні нервовай сістэмы, эксперыменты з жывёламі і лекавымі раслінамі, аднаўленне старажытных забытых рэцэптаў такія важныя! Толькі невукі могуць назваць гэта шарлатанствам…
Бяда ў мірную лабараторыю, дзе навукоўцы мучылі няшчасных пацукоў, прыйшла нечакана. Корвуса паслалі ў Маскву на якуюсь там канферэнцыю, і ён пазнаёміўся са знакамітай Вольгай Барысаўнай Лепяшынскай, паплечніцай самога Леніна і Крупскай, старой бальшавічкай і выбітной навукоўкай. Лепяшынская абвяргала клетачную тэорыю і лічыла, што жыццё спараджае нейкае «жывое рэчыва». Узнікае яно само па сабе, а з яго ўзнікаюць клеткі.
Што гэта было за рэчыва, удзельніца дзвюх рэвалюцый так і не растлумачыла, але атрымала за свае даследаванні Сталінскую прэмію.
Дэлегацыю навукоўцаў з усіх рэспублік павялі ў лабараторыю васьмідзесяцігадовай рэвалюцыянеркі. Экскурсія нагадвала блёкат. Дзве маладыя лабаранткі таўклі ў парцалянавых ступках насенне буракоў. Для чаго? А каб атрыманы пыл пасеяць. А калі ён узыдзе, гэта будзе доказ, што прарастаць можа і найменшая часцінка семя дзякуючы ўтрыманню «жывога рэчыва». Дачка Лепяшынскай, Вольга Панцеляймонаўна, з захапленнем распавяла гасцям, як яны даследуюць чарназём, узяты з-пад пазногцяў яе маці. Там жа таксама цуд-рэчыва ёсць! А яшчэ яно можа праявіцца, калі расцерці перламутравыя гузікі і ўвесці іх у арганізм жывёл…
Гэта быў нават не дылетантызм, а суворае сярэднявечча, калі трактат Picatrix раіў для выклікання сардэчнай схільнасці ўзяць дзве драхмы крыві белага сабакі і столькі ж яго мозгу, а таксама па чатыры драхмы мозгу аль-газелі і чалавечай крыві, а эпілептыка лячыць парашком з чалавечага чэрапа з сіропам марской цыбулі.
Беларускі дэлегат Люцыян Корвус якраз пра такія асацыяцыі і распавёў. Сівенькая Вольга Барысаўна міла ўсміхнулася, ад чаго астатнія госці збялелі і пачалі азірацца ў пошуку дзвярэй. І запыталася, якой навуковай тэмай і дзе займаецца шаноўны крытык. Ён, дарэчы, упэўнены, што ў ягоных занятках нічога няма ад прафанацыі і сярэднявечча? А як у яго з партыйнай лініяй? Яна асабіста гэта ўдакладніць.
Начальнік дэлегацыі, мажны дзядзька з Міністэрства аховы здароўя, выштурхнуў Корвуса за дзверы, як вадавоза з губернатарскага балю, і ў калідоры параіў шэптам сушыць сухары.
А па вяртанні ў Мінск пачалося. Якія-такія нервы, таварышы? Якія псіхозы? Савецкі чалавек, загартаваны ў пераможных бойках, вам не істэрычная паненка!