Пантофля Мнемазіны. Людміла Рублеўская
настаўніцкай семінарыі, і ад яго ў доме засталася дыхтоўная бібліятэка. Асабліва шмат кніг з серыі для юнацтва. Майн Рыд, Фенімор Купер, Жуль Верн, Вальтэр Скот, Аляксандр Дзюма… Усе з іхняй кампаніі час ад часу выпрошвалі ў аднакласніцы томікі ў скураных пацёртых вокладках, з яцямі і непралетарскай рамантыкай. Ясна, што Жэнька, сінявокая, таненькая, пышнавалосая, была самай начытанай, хаця яе версія пра выразаную на шчацэ літару не прыжылася. Але спытаць пра паходжанне прыкметы ў настаўніка не наважыліся. Так, з Люцыянам Корвусам было цікава. І на ўроках, дзе расказвалася пра незвычайныя эксперыменты з прыроды і чалавека, кшталту як змусіць мозг працаваць на сто адсоткаў з дапамогай электрамагнітных імпульсаў. І па-за ўрокамі. Створаны Корвусам археалагічна-біялагічны гурток – самы яркі ўспамін даваеннага жыцця. Напачатку вывучалі ўсялякіх там скамянелых трылабітаў. Нацягалі ў маленькі кабінет, прапахлы фармалінам, шэрых каменьчыкаў з паверхнямі рабрыстымі, хвалістымі, у маленькіх дзірках, як застылая пена. Потым з’явіліся іржавыя наканечнікі дзідаў, вышчарбленыя медныя манеты, аскепкі старажытнага посуду, знойдзеныя вучнямі на бацькоўскіх гародах. Настаўнік спісаўся са знаёмцам з Акадэміі навук, адтуль прыслалі інструктара, і школьны гурток атрымаў дазвол на раскопкі. Вучыліся размерваць участкі, прасейваць культурны слой, класіфікаваць экспанаты. Мінулае прыадчыняла браму, за якой біліся з панскімі войскамі адчайныя паўстанцы, скрыжоўвалі мячы з тэўтонцамі крывіцкія рыцары, свісталі татарскія стрэлы і грымелі французскія гарматы…
Так, вакол маладога біёлага гуртаваліся, яго слухалі. Але было ў спадары Люцыяне штось адчуджанае. Рэму часам здавалася, што настаўнік увесь час трымае напагатове вострую зброю, кшталту таго кінжала мізэрыкордыя, што яны адкапалі на Татарскім гарадзішчы. Падыдзеш бліжэй – уколешся.
Цяпер Рэму зразумела, адкуль настаўніцкая насцярога і адкуль шнар у форме птушкі. Прыклаўся, відаць, Корвус, трацячы прытомнасць у яшчэ адным кабінеце следчага, аб рог стала. А можа, спецыяльна, трымаючы за валасы, аб той рог прыклалі, каб гонар збіць. Бо цяпер побач, бліжэй да вуха, быў такі самы шнар, толькі свежы.
Яны, дзеці, не задумваліся, чаму сталічны вучоны, супрацоўнік навуковага інстытута, аўтар дзвюх кніг пра нервовую сістэму апынуўся школьным настаўнікам у маленькім гарадку. Чаму трымаецца як дзяк на шабашы, дый іншыя выкладчыкі ад яго наводдаль, бы ад сухотнага, баяцца доўгую размову без сведкаў завесці. Неяк Рэм, калі крадма вярнуўся ў школу па сканфіскаваную рагатку, падслухаў размову Рыгорава бацькі, сакратара Старавежскага гаркама, з дырэктарам школы, адзіным, хто з Корвусам быў у сяброўстве.
«…Асцярожней з кадрамі, вы надта паблажлівы. Начальнік інстытута, дзе працаваў Люцыян Корвус, асуджаны. Уяўляеце, спланаваў батанічны сад у Менску такім чынам, каб дарожкі падказвалі накірунак для варожых самалётаў, гад! У тым змяіным гняздзе шмат шпіёнаў вылавілі. Корвусу пашанцавала, выпусцілі. Але, цалкам магчыма, ненадоўга. Самі ведаеце, якая зараз