Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг.. Аляксандр Гужалоўскі
пайшлі ў жыццё цяжкім шляхам… і ўсе “не захавалі сябе”. Што гэта значыць? Ці былі яны менш стрыманыя, менш маральныя, чым іх папярэдніцы? Вядома – не: яны былі дзяўчыны сціплыя, можа быць, сціплейшыя за іншых. Але змяніліся абставіны – менавіта гаспадарчыя абставіны: няма заробкаў, няма з чым замацавацца і завесці ўласную сям’ю. Няма “пасагу”, а голую хто возьме, нават і добрую работніцу. За невялікімі выключэннямі гэта ўсё былі дзеці беднаты»[13].
У трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» таксама цяжка знайсці чыстыя, незаплямленыя адносіны паміж мужам і жонкай. У сем’ях персанажаў пануе атмасфера недаверу і жорсткасці, нявернасці і эгаізму. Новыя сэксуальныя паводзіны местачкоўцаў у апавяданні «Мутэрка» паказаў М. Гарэцкі. Прычым сэксуальна-распусныя паводзіны галоўнага героя – сялянскага сына, «абмаскаленага беларуса», рэпетытара Данілы, які адначасова жыў з 35-гадовай маці сваёй вучаніцы і заляцаўся да яе 15-гадовай дачкі, аўтар звязаў з яго адмовай ад беларускай ідэнтычнасці[14].
Існавала нацыянальна-канфесійная спецыфіка сэксуальна-шлюбных адносін яўрэйскага насельніцтва беларускіх гарадоў і мястэчак. Да прыкладу, трэба адзначыць большую ўстойлівасць у іх патрыярхальных традыцый, што тлумачылася рэлігійнымі прычынамі. Традыцыйны юдаізм прадугледжваў розныя ролі для мужчыны і жанчыны ў сэксуальнай сферы, строга кантраляваў кантакты паміж імі ў шлюбе і па-за ім. Звычайна яўрэйская сям’я з’яўлялася буйнейшай, чым хрысціянская. Значную ролю выконвала жанчына, якая часта не абмяжоўвалася хатнімі заняткамі, а займалася прадпрымальніцтвам, ствараючы матэрыяльны падмурак для сямейнага існавання. Яўрэйскія аўтары згадваюць багата трагічных гісторый пра заўчасныя шлюбы, якія часта распадаліся – часам самі па сабе, часам праз тое, што бяднелі бацькі, якія ўтрымлівалі маладзёнаў. Часта яўрэі ўступалі ў шлюб у падлеткавым узросце і сталелі разам з уласнымі дзецьмі. Нярэдкія былі выпадкі, калі жаніліся стрыечныя браты і сёстры, бо іх бацькі і дзяды імкнуліся захаваць капіталы ад падзелу[15].
Традыцыйная сям’я ў беларускіх татар, якую яны разглядалі ў якасці адзінай формы паўнавартаснага функцыянавання гаспадаркі, будавалася на пачатках Карана. Беларуская татарская сям’я была патрыярхальнай, вольнасць адносін моладзі ў ёй стрымлівалася шарыятам. Але ў ёй адсутнічаў жорсткі падзел палоў, а таксама палігамныя практыкі, што засведчыў краязнавец напачатку ХХ ст.: «Няпрыхільнасьць да полігаміі выяўляецца часам даволі яскрава. Калі адзін немясцовы мусульманін пасяліўся зь дзьвюма жонкамі сярод менскіх татар, усе суседзі выкпівалі яго, як нейкага вар’ята»[16].
Аўтарытарнымі парадкамі характарызаваліся адносіны ў сем’ях стараабрадцаў, якім былі ўласцівыя адасобленасць, замкнёнасць, рэлігійная нецярпімасць. У вялікай па памерах стараабрадніцкай сям’і панаваў дух поўнага і беспярэчнага падпарадкавання ўсіх членаў яе галаве – мужчыну. Найбольш складанае
13
Богданович А. Я всю жизнь стремился к свету… С. 499.
14
Гарэцкі М. Мутэрка. Вільня, 1921.
15
Венгерова П. Воспоминания. СПб., 2005. С. 234.
16
Цьвяткоў Л. Некалькі слоў аб менскіх татарах // Наш край. 1927. № 6–7. С. 10–16.