Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг.. Аляксандр Гужалоўскі
ўсё – моладзі.
Спачатку было слова
Стаўленне да сэксу ў еўрапейскім грамадстве да пачатку ХХ ст. грунтавалася перадусім на сплаве традыцыйнай і хрысціянскай маралі. У такім грамадстве сэкс быў непрымальны па-за шлюбам, як непрымальныя былі таксама кантрацэптывы і аборты. Развіццё навуковых ведаў, падзенне аўтарытэту царквы, а таксама пераход ад аграрнага да індустрыяльнага грамадства прывялі да размывання маральнага канона. З’яўленне на мяжы ХІХ і ХХ стст. руху суфражыстак і яго лагічнага працягу – фемінізму прывяло да таго, што масы жанчын адчулі сябе роўнымі мужчынам. Гэта кардынальна адбілася на сэксуальных зносінах.
Сацыялісты ўключылі вырашэнне гендарных праблем у сваю праграму, прычым адразу ж абвясцілі сацыялізм адзіным вучэннем, здольным канчаткова іх вырашыць. Яны тлумачылі, што большасць праблем ва ўзаемаадносінах паміж паламі выкліканы заняволеннем жанчыны, а таксама падзелам працы і прыватнай уласнасцю. Праз адсутнасць сродкаў да існавання эксплуатаваная капіталістычным грамадствам жанчына вымушана прапаноўваць сябе мужчынам у якасці прастытуткі, утрыманкі альбо жонкі. Прычым буржуазная мараль прымушае жанчын хлусіць пра каханне нават тады, калі яны кіруюцца халодным разлікам. Згодна з марксісцкім вучэннем, жанчыны цярпелі двайны прыгнёт – ад капіталу і буржуазнай сям’і. Пралетарская рэвалюцыя мусіла знішчыць прыватную ўласнасць на сродкі вытворчасці, а разам з ёю і буржуазную сямейную ячэйку.
Класікі кідаюць выклік
Ужо першыя сацыялісты даволі хутка зразумелі, што сям’я будучыні не можа быць саюзам індывідуальнасцей. Арыентацыя традыцыйнай сям’і на падтрымку волі індывіда ад пачатку супярэчыла інтарэсам калектыву і класа. Таму сацыял-рэфарматары кшталту Б. П. Анфантэна ўжо ў першай палове ХІХ ст. паставілі за мэту ператварыць сэксуальна-сямейнае партнёрства ў вольнае каханне-сяброўства. Іх тэорыі і практычныя эксперыменты ў камунах паўплывалі на тое, як сямейна-шлюбныя адносіны разумелі заснавальнікі марксізму.
Ужо ў «Камуністычным маніфесце», выдадзеным у 1848 г., стваральнікі камуністычнай тэорыі, якія дакладна не былі панылымі ханжамі, палемізуюць з крытыкамі сацыялізацыі жонак. «Зрэштай, няма нічога сьмяшнейшага, як высока-моральнае абурэньне нашых буржуёў проціў нібыта офіцыяльнай супольнасьці жанок пры комуністычным ладзе. Тымчасам, комуністым няма патрэбы заводзіць супольнасьць жанок, бо гэтая супольнасьць была бадай што заўсёды». Наступны пасаж класікаў крыху прыўздымае завесу над таямніцай адносін палоў пры камунізме: «У рэчавістасьці буржуазнае малажонства (шлюб) зьяўляецца супольнасьцю жанок. Комуністых можна было б упікнуць хіба ў тым, што яны хочуць паставіць адкрытую супольнасьць жанок на месца брыдкай, патаемнай»[30]. Акрамя абмеркавання вяртання да палігамных адносін пры камунізме, К. Маркс і Ф. Энгельс на адной са старонак свайго праграмнага дакумента паведамляюць пра намер
30
Маркс К., Энгельс Ф. Комуністычны маніфэст / Пер. Я. Лёсіка. Менск, 1924. С. 41.