Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг.. Аляксандр Гужалоўскі
«ключ да вырашэння праблемы загадкавага кахання да двух і да трох, якая была не па зубах прадстаўнікам буржуазнага грамадства, цяпер апынуўся ў руках пралетарыяту»[41].
Папярэджваючы моладзь ад захаплення выключна «бяскрылым Эрасам», аўтарка ў той жа час тлумачыла ёй: «Мараль рабочага класа… адкідае знешнюю форму любоўных адносін палоў. Для класавых задач рабочага класа зусім абыякава, набывае каханне форму працяглага і аформленага саюзу альбо выражаецца ў форме сувязі, якая мінае. Ідэалогія рабочага класа не ставіць аніякіх фармальных межаў для кахання»[42]. Падкрэслім, што, паводле Калантай, якая ўпершыню аб’яднала марксізм і сэксуальнасць, падставай для адмовы ад «фармальных межаў» было менавіта каханне, а не лёгкія спарванні, сэнс якіх – улада над іншым. Яна выступала супраць буржуазнага вольнага кахання гэтак жа зацята, як і супраць буржуазнага шлюбу. Такім чынам, тэорыя кахання Калантай, збудаваная на марксісцкім сацыяльна-эканамічным падмурку, уключала новыя этычныя катэгорыі і паняцці.
Увасабленню ў сэксуальных адносінах шчырасці, асабістай незалежнасці і эратычнай радасці былі павінны спадарожнічаць новыя формы агульнага жыцця і выхавання дзяцей. У 1920 г. Калантай падтрымала заканадаўчую легалізацыю абортаў у РСФСР (і адпаведна ў БССР), якую лічыла часовай з’явай. Яна выступала за перадачу дзяцей, са згоды маці, на выхаванне ў дзяржаўныя ўстановы, дзеля чаго насельніцтва трэба было абкласці спецыяльным падаткам. Важнай умовай пабудовы новага быту з’яўлялася супольнае пражыванне ў звязаных з вытворчымі калектывамі дамах-камунах, дзе вядзенне гаспадаркі ўскладалася на спецыялістак.
Брытанскі гісторык-марксіст Э. Хобсбаўм адзначаў, што яму «…невядомы ніводны рэвалюцыйны рух альбо рэжым, які б не развіваў пурытанскую тэндэнцыю; не выключэнне і марксісцкі рух, дактрына заснавальнікаў якога была далёка не пурытанская»[43]. Нямала прыхільнікаў падобнай пурытанскай тэндэнцыі – апанентаў А. М. Калантай было ў савецкай дзяржаўнай і партыйнай эліце. Сярод апошніх мы знаходзім наркама асветы А. В. Луначарскага, члена Палітбюро ЦК УКП(б) М. І. Бухарына, наркама аховы здароўя РСФСР М. А. Сямашку, сакратара Цэнтральнай кантрольнай камісіі УКП(б) Е. М. Яраслаўскага, сакратара Выканкама Камінтэрна Д. З. Мануільскага, загадчыка жанаддзела ЦК УКП(б) С. М. Смідовіч і інш. Усе яны, адкрыта альбо схавана палемізуючы з А. М. Калантай, выступалі супраць нястрыманасці ў зносінах паміж паламі, тлумачачы сваю пазіцыю тым, што непераборлівасць у сэксе ўласціва буржуазнаму грамадству, яна вядзе да шкодных грамадскіх наступстваў і да т. п. Разам з тым усе яны будавалі ўласныя развагі па праблемах выхавання палавой маралі вакол тэорыі новага кахання А. М. Калантай, якая набыла вялікую папулярнасць у грамадстве, асабліва – сярод моладзі.
Так, Д. З. Мануільскі, не прапануючы ніякіх новых мадэляў сэксуальных паводзін, заклікаў моладзь звярнуцца да аскетычнай маралі старых бальшавікоў-падпольшчыкаў, а таксама больш вучыцца, чытаць,
41
Коллонтай А. Дорогу крылатому Эросу… С. 121.
42
Коллонтай А. Дорогу крылатому Эросу… С. 122.
43
Hobsbawm E. Revolutionaries. L., 2011. Р. 252.