Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг.. Аляксандр Гужалоўскі
г. у сваёй актавай прамове на ўрачыстым сходзе БДУ, выдадзенай тады ж у выглядзе асобнага артыкула. Не менш увагі прамоўца надаў у сваім выступе завочнай палеміцы з прыхільнікамі тэорыі адвечнасці парнага шлюбу, манагаміі. Адстойваючы погляд на палігамію як на ўніверсальны для ўсіх этнасаў перыяд у іх развіцці, Кацэнбоген разумеў яе як неад’емны складнік першабытнага камунізму. Ён даводзіў, што гэтая форма сямейна-шлюбных адносін была ўласцівая не толькі экзатычным паўднёвым культурам, але і старажытным кельтам, германцам і славянам. З гэтага натуральна вынікала непазбежнасць вяртання да палігамных адносін чалавечай супольнасці на новым узроўні на камуністычнай стадыі яе развіцця[73].
Больш разняволенай, чым на ўрачыстым сходзе БДУ, была атмасфера пасяджэння гісторыка-сацыялагічнай секцыі навуковага таварыства пры ўніверсітэце, якое адбылося 11 лютага 1923 г. С. З. Кацэнбоген прапанаваў удзельнікам сходу даклад, у якім зрабіў сацыялагічны аналіз «этнаграфічнага рамана» французскага пісьменніка афрыканскага паходжання Р. Марана «Батуала»[74]. Даклад выклікаў «жывыя і цікавыя дэбаты», бо Кацэнбогена ў рамане прыцягнула не яго антыкаланіяльная накіраванасць, а «суцэльная свабода палавых адносін у адсталых плямёнаў падчас значных гадавых свят, асабліва падчас свята прысвячэння юнакоў і дзяўчат у сапраўдныя, дарослыя члены племені»[75]. Увесь пафас выступу Кацэнбогена быў накіраваны на падтрымку тэорыі першабытнага грамадства Л. Г. Моргана («моргана-энгельсаўскай канцэпцыі»), у прыватнасці яго тэзіса аб неўпарадкаваных палавых адносінах, што і даказваў раман Р. Марана. Адначасова малады беларускі сацыёлаг крытыкаваў заходніх вучоных на чале з адным з заснавальнікаў сэксалогіі Э. А. Вестэрмаркам, якія лічылі, што ў першабытным грамадстве існаваў «абасоблены шлюб» (Sonderehe).
Разняволенасці пасяджэння навуковага таварыства пры БДУ 11 лютага 1923 г. паспрыяў падбор цытат з рамана Р. Марана, якія прапанаваў дакладчык яго ўдзельнікам. Вось адна з іх, дзе апісваецца абрад ініцыяцыі ў цэнтральнаафрыканскім племені: «Усе гэтыя крыкі, усе гэтыя бязладныя танцы павінны былі толькі падрыхтаваць тое, што ўсе чакалі: танец кахання, які танчаць толькі ў гэты вечар, калі дазволена аддавацца распусце… На Ясігінджы быў надзеты велічэзны фалус з размаляванага дрэва… Драўляны фалус падскокваў пры кожным яе руху… Мужчыны скінулі кавалкі матэрыі, якія апяразвалі іх сцёгны, жанчыны скінулі свае пярэстыя фартухі, у каго яны былі. Грудзі – мужчынскія і жаночыя – удараліся адна аб адну. Дзеці пераймалі рухі дарослых… завязвалася барацьба, чуліся хрыплыя воклічы. Часам целы выцягваліся на зямлі, паўтараючы ўсе рухі танца… Над усімі ўладна панавала толькі жаданне»[76]. У іншым месцы свайго выступлення С. З. Кацэнбоген прапанаваў погляд на абразанне[77] як на абрад ініцыяцыі хлопчыкаў-падлеткаў: «…старажытны і сівы, як само чалавецтва»[78]. Вучоны працягваў даследаваць палігамныя
73
Каценбоген С. Спорные вопросы генеономии // Працы Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту. 1923. № 4–5. С. 283–304.
74
Раман Рэнэ Марана «Батуала» быў першым франкамоўным мастацкім творам, напісаным цемнаскурым аўтарам. У 1921 г., адразу ж пасля выхаду, атрымаў прэмію братоў Ганкур і адначасова трапіў пад моцную крытыку за асуджэнне дзеянняў французскай каланіяльнай адміністрацыі ў Цэнтральнай Афрыцы. У 1923 г. перакладзены на рускую мову.
75
Каценбоген С. Первобытный человек. Опыт социологического анализа этнографического романа Ренэ Марана «Батуала». Минск, 1923. С. 22.
76
Каценбоген С. Первобытный человек… С. 26.
77
Неўзабаве абрад абразання будзе згадвацца ў публічным дыскурсе толькі ў кантэксце судовай медыцыны. Гл.: Левін А., Чэрвакоў В. Абразаньне ў асьвятленьні навуковай экспэртызы // Працы Беларускага дзяржаўнага інстытуту крыміналёгіі, крыміналістыкі судовай экспэртызы НКЮ БССР. Вып. ІІ. Менск, 1932. С. 139–178.
78
Каценбоген С. Первобытный человек… С. 24.