Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг.. Аляксандр Гужалоўскі
Камісіі заканадаўчых прапаноў пры СНК. Ён падтрымліваў прынцып неабавязковасці рэгістрацыі шлюбу, лічыў, што фактычны шлюб нараджае тыя ж маёмасныя правы і абавязкі сужэнцаў, што і шлюб зарэгістраваны[100].
Пазіцыю праціўнікаў фактычнага шлюбу на абмеркаванні выказаў наркам юстыцыі М. А. Сегаль, які выступаў за моцны, зарэгістраваны ў дзяржаўных органах шлюб. Яго галоўным аргументам быў неаспрэчны факт, што ў выніку распаду фактычнага шлюбу абараняць уласныя правы даводзіцца слабому боку – жанчыне і дзецям. Былі ў наркама і іншыя аргументы: «Калі прыраўнаем фактычны шлюб да зарэгістраванага, то можна сутыкнуцца з такой акалічнасцю: уявеце сабе, што калі хто-небудзь мае 3–4 фактычныя жонкі і гэты шлюб прыроўніваецца да зарэгістраванага юрыдычнага шлюбу з усімі вынікамі… гэта вядзе да мнагажонства. Па такім шляху мы йсці ня можам», «суды завалены справамі аб аліментах».
У якасці альтэрнатывы легалізацыі фактычнага шлюбу Сегаль прапанаваў дэталёвую працэдуру ўсталявання бацькоўства: цяжарная жанчына ці маці нованароджанага на працягу месяца пасля нараджэння падае заяву ў ЗАГС з указаннем імя таго, хто з’яўляецца бацькам. ЗАГС на працягу 7 дзён паведамляе пра гэта бацьку і дае яму месяц на роздум і афіцыйны адказ. Калі меркаваны бацька адмаўляецца прызнаць дзіця, ён павінен падаць заяву ў суд і аспрэчваць заяву ў судовым парадку. Калі падобнай заявы няма – ён аўтаматычна лічыцца бацькам. У гэтым выпадку аспрэчваць бацькоўства давядзецца ў агульнапозыўным парадку[101].
Супрацоўнік Наркамата РСІ–ЦКК КП(б)Б К. Ф. Бенек, канстатуючы, што «робіцца страхацьцё, распуста цьвіце, няма ніякіх межаў… трэба налажыць цуглі як на мужчыну, так і на жанчыну», выступаў за роўнасць зарэгістраванага шлюбу з фактычным, прапанаваў усю маёмасць сужэнцаў, нажытую да шлюбу паасобку і разам у шлюбе, пасля разлукі дзяліць папалам, звярнуў увагу прысутных на цяжкавыканальнасць пункта 42 праекта Кодэкса, дзе размова ішла пра спагнанне аліментаў з некалькіх мужчын, з якімі жанчына жыла разам (у канчатковым выглядзе Кодэкс законаў аб шлюбе прадугледжваў спагнанне аліментаў з аднаго канкрэтна вызначанага бацькі). Дэпутат Калінін выказаўся за фактычны шлюб для горада і зарэгістраваны для вёскі, а таксама супраць таго, каб абкладаць аліментамі сялянскую гаспадарку ў выпадку, калі бацька-селянін плаціць іх не ў стане («сын дзесьці бадзяўся, зрабіў алімэнт, а бацька за яго плаці»). Дэпутат Нікіфарэнка прапанаваў абмежаваць колькасць шлюбаў трыма, бо «…ёсьць у нас такія, што ня толькі па 7 жон мелі, але і па 12». Дэпутат Іванькова адзначыла, што сэксуальная свабода мужчын вядзе да «пашырэньня і разьвіцьця простытуцыі як на вёсцы, так і ў горадзе», і дадала, што ведае толькі адзін выпадак, калі на судзе мужчына прызнаўся і сказаў: «Але – гэта маё дзіця»[102].
З боку дэпутатаў-жанчын, большасць якіх падтрымала пазіцыю М. Ф. Муратавай, гучалі прапановы ўзаконіць фактычны шлюб («селянін будзе ведаць – няма чаго гуляць
100
НАРБ. Ф. 99. Воп. 2. Спр. 536. Арк. 66–73.
101
НАРБ. Ф. 99. Воп. 2. Спр. 536. Арк. 222–327.
102
Матэрыялы па пытаньні аб шлюбе, сям’і і апецы. Менск, 1926. С. 18, 32, 39.