Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг.. Аляксандр Гужалоўскі
канструявання новай сацыяльнай рэальнасці[113], быў «стары быт». Сацыяльныя канструктары ў асобе партыйных ідэёлагаў імкнуліся змяніць усе бакі жыцця соцыуму, у тым ліку сферу прыватнага жыцця чалавека, якая традыцыйна лічылася пазапалітычнай. Яны добра разумелі, што ўласна сацыяльнага вызвалення працоўных недастаткова, трэба змяніць звычайную свядомасць чалавека, яго быт, які быў моцна знітаваны з сусветам традыцыйных каштоўнасцей. Новая ўлада паставіла за мэту ўзяць пад кантроль і перабудаваць прастору прыватнага жыцця чалавека, якая мела тры вымярэнні: жыллё, вуліца, забаўляльныя ўстановы. Найбольш складанай для ўздзеяння была жыллёвая сфера, якая захоўвала старыя «буржуазныя» формы. Невыпадкова Ленін адзначаў, што «…адзін з апошніх і рашучых баёў мы вядзём з дробнабуржуазнай стыхіяй, ад перамогі над якой залежыць лёс рэвалюцыі»[114].
Канструяванне «новага быту»
Ідэя радыкальнай перабудовы бытавых адносін у выглядзе сацыялізацыі быту атрымала шырокае распаўсюджанне адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Яна стала прадметам адкрытага абмеркавання ў шырокай аўдыторыі, але пераважна моладзевай. Барацьба са старым бытам разглядалася ў якасці найважнейшай умовы прасоўвання чалавека ў камуністычную будучыню, аднак вялася яна з пераменным поспехам.
На працягу разгляданага дзесяцігоддзя адбылося шмат дыскусій, з’явілася вялікая колькасць палемічных артыкулаў аб пераўладкаванні быту савецкага чалавека. Іх удзельнікі і аўтары абмяркоўвалі ідэю «сям’і» на 1000–3000 чалавек, спрачаліся, якія дамы і кватэры патрэбны рабочым, якімі павінныя быць касцюм камуніста і камсамольца, мэбля і інтэр’ер яго жытла. У палеміку былі ўцягнуты ўстановы культуры – на сцэнах клубаў, тэатраў, у кіно дэманстраваліся праекты новых дамоў-камун, асэксуальнага адзення, мінімалістычнай мэблі. Двухспальны ложак разам са шлюбным строем і заручальным пярсцёнкам ганіліся як праявы мяшчанства і сэксуальнай эксплуатацыі жанчыны. Сыходзілі ў нябыт правілы этыкету, што рэгулявалі паводзіны мужчын у дачыненні да жанчын. З гэтым адразу ж пасля прыезду з Латвіі ў 1925 г. сутыкнулася беларускі педагог, актрыса і мемуарыстка П. В. Мядзёлка. Яна наступным чынам перадае свае першыя ўражанні ад БССР: «Аднойчы ў сталоўцы, устаўшы з-за стала пасля абеду, брат падаў мне жакет і памог апрануць яго. У зале зарагаталі, паднялі нас на смех: “Бач ты, якія далікатныя панічы ў нас з’явіліся!”»[115] Яшчэ ў больш няўклюднае становішча брат мемуарысткі трапіў, калі падчас знаёмства з жанчынай паспрабаваў пацалаваць ёй руку.
Быў уведзены строга класавы прынцып размеркавання матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, у выніку якога старыя сацыяльныя эліты (акрамя патрэбных уладзе прадстаўнікоў інтэлігенцыі) былі пазбаўлены сродкаў існавання. Аб’ектам крытыкі ў афіцыйнай публічнай прасторы перыядычна рабіўся заможны, уладкаваны на ўзор імперскага часу быт новай буржуазіі (нэпманаў), а таксама дзяржаўных служачых. Быт
113
Бергер П., Лукман Т. Социальное конструирование реальности. Трактат по социологии знания. М., 1995. С. 13.
114
Ленин В. Полное собрание сочинений. Изд. 5-е. Т. 43. М., 1963. С. 141.
115
БДАМЛМ. Ф. 403. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 9.