Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг.. Аляксандр Гужалоўскі
сэксуальнай рэвалюцыі папярэднічае рэвалюцыя сацыяльная: «У галіне шлюбу і палавых зносін набліжаецца рэвалюцыя, сугучная пралетарскай рэвалюцыі». Разам з тым, паводле ўспамінаў нямецкай камуністкі, ён не ўхваляў празмерныя захапленні тэорыяй полу, увагі да палавых адносін, заклікаў моладзь займацца фізічнымі практыкаваннямі замест сэксу. У той жа размове з К. Цэткін Ленін назваў шкоднай думку аб тым, што пры сацыялізме задаволіць палавую смагу будзе гэтак жа проста, як выпіць шклянку вады[34].
Найбуйнейшым спецыялістам у галіне гендарных адносін у рускай сацыял-дэмакратыі была А. М. Калантай, погляды якой уяўлялі сабой складаны сімбіёз фемінізму і марксізму. Яна лічыла, што толькі вольныя і, як правіла, шматлікія сэксуальныя сувязі дазволяць жанчыне захаваць уласную індывідуальнасць у грамадстве, дзе гаспадараць мужчыны. Першую сур’ёзную тэарэтычную працу на гэтую тэму пад назвай «Сацыяльныя асновы жаночага пытання» яна напісала ў 1909 г. Сярод вялікага фактычнага матэрыялу, які характарызаваў працу і быт жанчын у Расійскай імперыі, мы знаходзім у гэтай кнізе пакуль што яшчэ вельмі няпэўныя контуры новых сэксуальных адносін пры сацыялізме: «Пасля пераносу выхавальніцкай функцыі з сям’і на грамадства знікне апошняе замацаванне сучаснай закрытай сямейнай ячэйкі… На змену сучаснай прымусовай форме шлюбу ідзе вольны саюз свабодных індывідуумаў… Ідэал вольнага кахання несумненна адпавядае той норме зносін паміж паламі, якую ўсталюе калектывісцкае грамадства»[35]. У рэчышчы крытыкі «буржуазнай сям’і» і «буржуазнай падвойнай маралі» А. М. Калантай выказвае ўпэўненасць, што ў недалёкай будучыні «палавая маральнасць зробіцца справай асабістага сумлення кожнага»[36].
У разгар грамадзянскай вайны А. М. Калантай піша брашуру «Новая мараль і рабочы клас», дзе развівае свае погляды на каханне і сэксуальныя адносіны ў новым грамадстве. Гэтая брашура была напісана пад уплывам папулярнай кнігі нямецкай феміністкі Г. Мейзель-Хес «Сэксуальны крызіс» (1911), дзе сцвярджалася, што сучасная палавая мараль – фікцыя, а традыцыйны шлюб супярэчыць прыродзе чалавека і забівае каханне. Напачатку Калантай малюе партрэт жанчыны з будучыні, сканцэнтраванай на працы, але разам з тым не варожай да «зямных радасцей». Гераіні Калантай – не ўласніцы. Паважаючы пачуцці іншых, яны чула ставяцца да саперніц і патрабавальна да мужчын, даруючы ім здраду, але не ігнараванне іх духоўнага пачатку.
А. М. Калантай выступае супраць трох асноўных форм сэксуальных адносін: легальнага шлюбу, які, на яе думку, супярэчыць мабільнай чалавечай псіхіцы, вольнага саюзу, што вымагае зашмат выдаткаў часу і духоўных сіл, а таксама прастытуцыі. Замест гэтых старых форм яна прапануе там, дзе адсутнічае вялікае каханне (а яно, як вядома, адсутнічае ў абсалютнай большасці людзей), практыкаваць «каханне-гульню» альбо «эратычнае сяброўства». Гэтая форма сэксуальных адносін уяўлялася як «назапашванне любоўнай патэнцыі», «школа кахання», якая не замінае грамадскаму і
34
Цеткин К. Воспоминания о Ленине. М., 1925. С. 15.
35
Коллонтай А. Социальные основы женского вопроса. СПб., 1909. С. 219.
36
Коллонтай А. Социальные основы… С. 171.