Дэманы доктара Глінскага. Сяргей Егарэйчанка
месцы і незвычайны час.
– Іншымі словамі, вы праляцелі паўсвету дзеля кароткай размовы ў аэрапорце?
Гор ўхмыльнуўся.
– Магчыма, яно таго вартае. А можа быць і не, але так нават яшчэ цікавей. Давайце будзем выходзіць.
Мы падняліся ў праход, забралі сваю ручную паклажу і рушылі да выхаду. Развітваючыся са сцюардэсай, Гор па-ўсходняму прыклаў руку да грудзей і нахіліў галаву.
У транзітнай зоне я спыніўся перад табло вылету, вывучаючы расклад.
– Колькі ў вас часу? – спытаў Гор.
– Крыху менш за чатыры гадзіны. А ў вас?
– Пакуль не ведаю. Я ж казаў, што мой далейшы кірунак залежыць ад выніку перамоў.
– Але ж у вас павінны быць квіткі на наступны рэйс, інакш вы б не патрапілі ў транзітную залу.
– У мяне на ўсялякі выпадак ёсць квіткі для абодвух кірункаў. Адзін з іх я магу ануляваць, атрымаўшы кампенсацыю.
– А калі вы павінны сустрэцца са сваім суразмоўцам?
– О, досыць хутка. Але пакуль што ў мяне ёсць яшчэ нейкі час. Не хочаце прагуляцца па д’юці-фры?
– Не, дзякуй, я даўно астыў да гэтай забаўкі.
– У такім выпадку, прапаную вам знайсці свабодныя крэслы і прысесці.
– Можа быць, вы хочаце перакусіць? Вы ж у палёце вы нічога не елі.
– Не, дзякуй, я не галодны. Хоць, магчыма, вы хацелі б падсілкавацца? Не? Тады давайце уладкуемся проста тут, – Гор кінуў невялікую сумку побач са свабодным сядзеннем.
Я паклаў свой багаж побач, выцягнуўшы папярэдне планшэт, і мы селі.
– Я праверу пошту. Не люблю доўга пакідаць лісты без адказу.
– Калі ласка, Якуб. Я схаджу вазьму кавы. Не жадаеце?
– Так, калі можна. Вазьміце мне двайны эспрэса.
Тамім кіўнуў і пайшоў. Я падключыў планшэт да сеткі аэрапорта і залез у паштовую скрыню. Сярод спаму не было нічога важнага, толькі ў канцы спісу свежых ўваходных вісеў ліст з паштовай скрыні маёй дачкі.
«Прывітанне, тата! Я сумую. Калі ты вернешся?»
Ліст быў амаль без памылак. Мая малайчынка вучылася хутка.
«Я сёння ж прыеду да цябе, сонейка. Таксама вельмі моцна сумую. Мы цэлы месяц будзем разам. Чакай сёння званка ад мяне. Цалую, тата».
Затым я заўважыў, што да ліста быў прымацаваны файл. Гэта быў фотаздымак. На ім мая дзяўчынка ўсміхалася і махала мне ручкай.
– Гэта ваша дачка? – прагучала за маёй спінай.
Я павярнуўся. Гор стаяў з двума кубачкамі кавы ў руках.
– Калі ласка, прабачце. Я паступіў дрэнна. Я мімаходам убачыў фотаздымак у вас на экране і не ўтрымаўся ад пытання.
– Усё добра, Тамім. Так, гэта мая дзяўчынка.
– Сімпатычная. Колькі ёй?
– Пяць гадоў. Яна ўжо зусім дарослая.
– Сама піша вам лісты?
– Як бачыце.
– Малайчынка. У мяне сын. Ён старэйшы: яму дванаццаць. Завальвае мяне паведамленнямі ў WhatsApp. Вось ваша кава.
– Дзякуй. Колькі я вам вінен?
– Супакойцеся, Якуб. Я зараз таксама вам пакажу фатаграфію свайго сына, калі вы не супраць.
Гор паставіў кубачак на